Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 218

К Акула

- Але, прыяжджаў. I ты добра ведаеш, што ў яго толькi адно ў галаве. Чаму-ж не, магла-б я цябе пазводзiць. Ня бачу патрэбы. Ты можа й падумаў што, хто цябе ведае... Я з такой сям'i... Але, калi ты такое падумаў, дык што я маю табе сказаць? I цi варта? Ты ведаеш мяне. Ня думаю, што мы некалi адно другому прысягалi на вернасьць вечную, але цi нам трэба было? I скажу табе больш, што калi ня бачыш ува мне чалавека, а толькi плоць, дык лепш вочы пратры...

Запанавала доўгае й нязручнае маўчаньне. Янука душыла гарачыня. Загнаў сябе ў тупiк. Запраўды, як мог сумлявацца?

- Дуня, - сказаў цiха.

Яна маўчала.

- Дурань я. Нiколi, да гэтага часу нi прасiў цябе прабачэньня. Але цяпер можа прабачыш?

Гордая i румяная, яна стаякла ўпрытык да вакна. На дварэ шарэла. Зiрнула на ручны гадзiньнiк. I тады Янук наважыўся. Сталася тое так раптоўна, што пасьля, як нi разважай, ня ведаў чаму якраз у гэны момант такая думка яму ў галаве маланкай зазьзяла. П'яны, цi што? Нiколi-ж, запраўды, раней пра гэта ня думаў, Магчыма, што за апошнi год дасьпеў больш, чым здавалася.

- Дуня, - прамовiў цiха i ўзяў яе за руку. - Дуня...

Нешта завязла ў роце. Не хацеў варушыцца непаслухмяны язык. А мо каханьне зусiм галаву замарочыла?

- Дуня, будзь маей жонкай.

Не сказаў, а шапнуў. Можа не пачула? Шалёна бiлася сэрца. Цяпер стаяў упрытык да яе, адчуваў ейнае гарачае дыханьне i яшчэ... як пачалi ўсхвалявана варушыцца ейныя грудзi.

- Янучок, а Божа мой, цi ты знаеш, што ты цяпер сказаў?

- Знаю, Дунечка, знаю, - ужо з большым жарам, але крыху апанаваўшыся, сказаў Янук. - Я прашу цябе замуж.

- Во гэткага дык я ўжо нiколi нi спадзявалася, - сказала даволi холадна, як здалося Януку. - Але не, ты саўсiм сур'ёзна. Яй-Богу так.

Яна высьлiзнула зь ягоных рук, пайшла й села на крэсла за сталом. Доўга маўчалi.

- Але-ж i боцiкi хлёсткiя маеш, - сказаў Янук, абы што сказаць, абы ня было маўчаньня.

- Твой-жа Мiкола адрамантаваў, - адказала Дуня.

З-за сьцен даляталi гукi вёскi, нейкае галёканьне каня з бальшака, а тут, у школьным будынку, панавала поўная цiша; здавалася, што чуваць прыскоранае бiцьцё двух юначых сэрцаў. Янук стаяў пры вакне. Дуня раптам устала, падыйшла да крука на сьцябе, узяла кажушок, задуманая, пазiрала на Бахмача.

Знаеш, Янучок... Што табе сказаць на гэта? Так неспадзявана...

- Дык што?

Дуня адказала не адразу.

- Падумаю. Сам ведаеш, вайна... Як будзем жыць? Гэта нi так проста.

- Дык абяцаеш падумаць? На днях мне скажаш?

- Ты лепш сам добра перадумай, цi гэта ты сур'ёзна.

- Ясна, што сур'ёзна. Хоць мне раптам...

Дуня закрыла яму рукой рот.

- Ня трэба. Падумай. Нiкуды не ўцячэ.

- А ты?

- I я падумаю.

37

- А чаму ты, Антось, у Беларускую Краёвую Абарону не пайшоў? - спытаў Янук Дзеркача, якi выгадна выцягнуў ногi на падлозе таварнага вагону, абапершыся плячмi аб сьцяну. Роўнамерна лякаталi колы вагону i ў змроку ледзь вiдаць было iншых пасажыраў воддаль пры супрацьлеглай сьцяне. Там нейкi дзядзька самагонкай частаваў сваiх спадарожнiкаў. Адно праехалi Будслаў i да Маладэчна й перасядкi на Менск было яшчэ далёка.