Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 221

К Акула

Зь лекцыяў гiсторыi ў школе й чытаньня мастацкае гiстарычнае лiтаратуры Янук ведаў, што незалежнасьць народу й самастойнасьць дзяржавы здабываецца крывёю, ахвярамi, мукамi, цярпеньнямi. Беларусь мусiла-б мець свакго ваеннага волата нейкага Калiноўскага, што згуртавваў-бы ўсе перадавыя сiлы, паставiў-бы на ногi армiю ўзброеных i добра кiраваных людзей. Толька тады льга было-б прагнаць Наскалёў i Палякаў у свае загарадкi, ачысьцiць родную зямлю ад паразiтаў i злыдняў ды аддаць уладу ў рукi разумных i дбайлiвых пра дабро народу людзей, каб зазьзяла на пагвалчаных i прасякнутых прыгонным потам i нявiннай крывёю нiвах так жаданая дый нiколi, здавалася, недасяжная вольнасьць.

I далей Янук разважаў параўнаньнямi. Тыя ў сямнаццатым годзе зьехалiся на кангрэс i хаця разагналi iх бальшавiцкiя цiвуны, пасьля сабралiся ў чыгуначнай майстроўнi, выбралi Раду Беларускае Народнае Рэспублiкi, што пасьля й абвесьцiла незалежную дзяржаву. Езавiтаў, як гаварылi на тых самых лекцыях гiсторыi, спрабаваў арганiзаваць войска, але яму не ўдалося шмат зрабiць, проста часу не хапiла. Усё-ж Беларусы тады змаглi палажыць хоць фармальныя падвалiны пад незалежнасьць. А цяпер? Ведаючы азьвярэлых гiтлераўцаў, што могуць зрабiць на кангрэсе ў Менску цяперашнiя прадстаўнiкi, у тым лiку й ён сам? Беларуская Цэнтральная Рада iснуе з ласкi Немцаў. Нялюдзкi акупант, каторы агнём i зброяй вынiшчыў столькi беларускiх вёсак, жыўцом спалiў так шмат нявiнных людзей, цi-ж гэты акупант будзе лiчыцца зь нейкай свабодна выказанай народнай воляй?

Чым больш Янук разважаў пра тое катастрафальнае становiшча, тым больш турбаваўся. Пабачыўшы многа бяды на кароткiм веку сваiм, цi нi прызвычаiўся шмат чаго бачыць у чорных колерах. Як-бы добра было параiцца цяпер хаця-б з тым самым настаўнiкам Сабалеўскiм. Магчыма ён знайшоў-бы нейкi адказ. Можа яму вiдаць тое цi iншае, чаго ня бачыў Янук? Але побач ня было паважанага настаўнiка, а драмаў Антось.

I раптам Януковы думкi перакiнулiся на Дзеркача. Што за чалавек! Гэты, мусiць, нiколi ня турбаваўся, а калi часам i здаралася тое, дык прынамся не паказваў хваляваньня. Як ён выдатна сябе кантраляваў. Яшчэ працуючы ў Падгайскага, што добра яму плацiў, Янук часта бачыў Дзекача ў Гацях. Пры нагодах апавядаў яму розныя баявыя прыгоды ў змаганьнi з бальшавiцкiмi бандамi. Антось быў два разы ранены, раз у лытку, iншы раз у бок. Вылячыўся й выхадзiў тыя раны i, як-бы нiчога нiякага, з ранейшай адвагай i вынаходлiвасьцю езьдзiў зь сябрамi ў засады на бандытаў, як мог абараняў беларускiх сялян ад Немцаў i Латышоў. Цi адна вакольная вёска пайшла-б яшчэ з дымам, калi-б не гацкая палiцыя, што ачышчала ад бандаў засьмечаныя раёны. I Антось першы зь першых, найбольш руплiвы. Дзе хiтрасьцю, а дзе сiлай. Вось дзе чалавек! I заўсёды спакойны. Што давала яму той спакой?