Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 210

К Акула

Спавiвала ты мяне ў нядолi й быццам мачыха ў сьвет пусьцiла. Сама, пагвалчаная, ты нiколi не магла шчодра ўзнагародзiць працы дзяцей сваiх. Твой боль - нашае цярпеньне. Ведаем, што наканавана табе ўзгадоўваць добрых i шчырых, адданых працы людзей. Мо занадта добрых, якiя не спанатрылi, што прыяцелем прыкiнуўся вораг. Пахрысьцiянску, з уроджанай iм гасьцiнасьцяй, за стол чужынца пасадзiлi й глум на сябе сьцягнулi. А ты, пагвалчаная, абрабаваная, трывала, як магла, даўгiмi лiхалецьцямi. Цябе разьдзелi, аплявалi, ганьбавалi, а за крыўды табе ўчыненыя iм свае сьцiплыя дары сулiла i ўсё далей бяз думкi пра помсту трывала. I плацiлi табе злом за тваё дабро, i ўкрыжавалi цябе, i памiнкi зрабiлi. А ты трывала й жыла. Для дзяцей, для ўнукаў выжыць мусiла. Каб некалi зноў на поўны рост усталi, каб нявольнiкамi ў сваей хаце ня былi!

Зноў i зноў сябруеш ты мне ў далёкiх дарогах: зiмой у дрывасеках i вясной у квеценi й пчалiным гудзе, летам у духмяных красках i вадзяных плёсах, i восеньню ў сьпелых садох i сьцiплых нiваў плёнах. Пахнула ты мне лiповым мёдам i пульхнымi аладкамi. Цярпеў я твой боль у зьнядужэлым бацькавым голасе й чуў гiмн табе ў мiлагучным хоры школьнiкаў. Бачыў як таргавалi табой i зьдзеквалiся над людзьмi тваiмi чужнiкi й свае наймiты. I чуў енк хаўтурнага галошаньня, калi народ твой, з крывавячым сэрцам, схiляўся ў сьлёзах над агульнай магiлай чужынцам закатаваных нявiнных ахвяраў.

Мой кут - пацеха мая й боль мой! Захапляючыся прывабным i непаўторным хараством лясоў тваiх, журчаньнем крынiцаў, пералiвам колераў вясёлкi й загартаванай ўстойлiвасьцю твайго пярэстага народу. Гiмнам жыцьцёвае суцэльнасьцi кукавала мне няпрынадная выглядам зязюля ў сьцiплых хараством зьзялi ў маiх, дарогамi вандраваньняў змучаных, вачох, мiлыя васiлькi й шыпшыны. Неадлучна спадарожнiчала ты мне з грацыйнай плаўнасьцю карагоду дзяўчат на Купальле й адклiкалася ў сэрцы маiм нямудрымi й журботнымi, або гарэзьлiва-жартаўлiвымi вясельнымi песьнямi. Iншы раз тузала ты болем сэрца маё непрагляднасьцяй нядолi тваiх працавiтых i Богу адданых людзей, або палонiла яго першымi ўзьлётамi каханьня мiлае дзяўчыны.

Мой родны кут, як-жа цябе забыцца! Ты - мой боль i радасьць, трывога й спадзяваньне, любоў i нянавiсьць, сустрэча й расставаньне. А галоўнае - у цябе маё карэньне. I ведаю, што нiкому, нiякаму злыдню нiколi яго не падсеч, нiхто ня мае сiлы, каб нас разлучыць. I няхай пасьля кароткiх цi даўгiх расставаньняў, прыходзяць шчасьлiвыя сустрэчы. Чым даўжэй я быў ад цябе адлучаны, тым цяплейшыя й больш шчодрыя твае абдымкi.

Зноў i нанава прыходжу да цябе, прыглядаюся, прыслухоўваюся, мяркую, ацэньваю. I турбуюся: а цi так ласкава, як раней, усьмiхнешся мне, а цi рассыплецца перад мной сузор'е красак прыроды твае, цi адновiш мае мары, i, самае галоўнае, - цi падмацуеш мяне целам i духам? Каб, калi патрэба прыйдзе, дужым i ўзмужнелым у наступнае падарожжа выправiць... ------------------------------------------