Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 211

К Акула

Бацькава хата цяпер выглядала куды меншай, чымся раней. I скрып дзьвярэй, здавалася, зьмянiўся, а вокны быцца звузiлiся й прыжмурылiся. А якой-жа дзiўнай, цяпер малой i запэцканай, даўно нябеленай паказалася ў куце абшарпаная печ. Гэта-ж на ёй некалi давялося вунь колькi часу праводзiць. Менш году ня быў пад роднай страхой Янук, а як усё тут паказалася цяпер нейкiм чужым i недаступным. Брат Мiкола, як i раней, хадзiў да Пiлiпа на шаўца вучыцца. Ён ня любiў нi гаршкоў, нi катлоў, нi памяла.

- Ну й што рабiць будзеш цяперака? - пытаўся Янука бацька.

Пракоп Бахмач усё яшчэ бадзёрыўся, перад гадамi не капiтуляваў. Пагусьцелi ў яго на лбе барозны й зморшчанымi аздобiлiся шчокi й падбародак.

- Нi знаю, тата. Разгледзiцца трэба.

- Хiба-ж у Вiльню нi паедзеш?

- Куды тамака... Год прапаў, нi надраблю.

- А вучыць у школе можаш?

Пра гэта Янук ня думаў. Так, памяркаваўшы, уладзiцца ў нейкай пачатковачй школе, навет пры канцы году, не праблема. Але цi было-б гэта сугучна зь Януковымi намерамi? Бяздушная сiла ўзяла яго з арганiчнае плынi жыцьця, зьняволiла на чатыры месяцы, а цяпер выплюнула. Дык пра якiя намеры гутарка? Гэтта трэба, бязь сьпеху, разгледзецца, разважаць, паветра чыстага поўнымi грудзьмi глынуць, а пасьля ўжо пра нейкi праект мяркаваць. Ад вёскi быццам адарваўся й да гораду ня прылiп. Абставiны змусiлi яго горад пакiнуць. Вядома, можна было пачаць ад той пазыцыi, якую некалi тут пакiнуў. Вунь як на гаспадарцы рукi патрэбныя былi. Бярыся за плуг, барану, касу, граблi. Як-бы гэта проста й цудоўна было: твой дзед араў, бацька араў i ты ары. Зiрнi навокал: зямля на дбайлiвага гаспадара чакае.

- Што ты, тата, сказаў-бы, каб я хацеў гаспадарку ў свае рукi ўзяць?

Голас гучаў бяз перакананьня. Бацька ўважна зiрнуў на сына. На твары такi самы выраз, як некалi на глыбоцкiм рынку, калi да чужога тавару прыцэньваўся. Развага й памяркоўнасьць. Колькi можна даць мiнiмум i максiмум? Ох, як ведў Янук бацькаў твар.

- Ты гэта што, кепiкi зь мяне строiш?

Праз бацькаў голас прабiвалася крыўда. I запраўды, навошта яго зводзiць?

- Нi табе, сынок, мяне за нос вадзiць.

Старога лiса не падманеш. Ён ужо вунь якi багаж гадоў на плечы ўзвалiў, але ўсё яшчэ бадзёрыцца, трывае. Яму, пэўне-ж, крыўдна, што сын задумаў у такi спосаб пажартаваць. I адразу Янука прылавiў.

Зьбянтэжаны вайной, ён яшчэ ня страцiў балянсу. У Януковай памяцi стаiць крыху прыгорбленая фiгура на пляцы перад генэральным камiсарыятам. Ледзь, здаецца, ступаюць ацяжэлыя ногi. Блуднаму сыну сьцiплую падачу прывёз. За дзьвесьце кiлямэтраў. Колька гэта яму каштавала? Сямейнага гнязда ахоўнiк, ён на сьвет выправiўся, каб падлётка прыгарнуць, цi памагчы яму. А цяпер гэты самы сынок зь яго жартаваць асьмелiўся. Крывавыя мазалi ня могуць быць аб'ектамi жартаў, асаблiва з боку жаўтаротага.