Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 209

К Акула

- Знаю, што гэта можа занадта новае для цябе. Запомнi тое, што гэту iдэю наша арганiзацыя ўжо сягоньнiка праводзiць у жыцьцё. На цябе яна можа проста неспадзявана звалiлася. Трэба табе часу, каб такое перадумаць, аналiзаваць, i прыйсьцi да правiльных выснаваў. Я веру, што ты гэта зробiш. Таму цяпер i ня буду далей iсьцi. Толька яшчо паўтараю галоўнае: першае абсалютная вера ў свае сiлы, другое - арганiзацыя сiлаў, трэцяе - шуканьне хаўрусьнiкаў i супольныя пляны, а пасьля гэтага ўжо дзейнасьць. Гэта занадта схэматычна, я ведаю, але прашу цябе падумаць. Калi скумекаеш, тады ўвiдзiш, як усё гэта проста й правiльна. Толька трэба верыць. Але, прабач, браток, можа на адзiн раз, - тут Падгайскi ўсьмiхнуўся, - замнога надурыў табе галаву. Дык я на гэтым i скончу. Хiба маеш якое пытаньне.

- Проста i ясна, значыцца ў галоўным, - сказаў Янук. - Але, цi можаце мне сказаць, што гэта за арганiзацыя, дзе яе знайсьцi? I як яна спадзяецца атрымаць помач хаўрусьнiкаў з захаду?

- Арганiзацыя называецца Беларуская Незалежнiцкая Партыя i яна цяпер тайная. Табе кажу гэта, бо маю да цябе поўны давер. Практычна бяручы, ты пра гэта нiкому ня будзеш расказваць...

- Ну ясна, - згадзiўся Янук.

- Ты ўжо з арганiзацыяй у кантакце, бо я належу да Беларускай Незалежнiцкай Партыi. Мы выходзiм з палажэньня, што пасьля таго, як разаб'юць Немцаў, захаднiя дзяржавы мусяць схапiцца ўдужкi з Масквою. Можа не адразу, але мусяць. Тады яны будуць патрабаваць нашай помачы ня менш, чым мы iхнай. Кантакты й супрацоўнiцтва будуць. Гэтага, бадай, i хопiць на сягоньня. Iдзi дамоў, адпачывай. Яшчо пагаворым, будзiць час.

Янук выйшаў ад Падгайскага з поўным жыватом i вельмi перапоўненай галавой. Бурлiла там, кiпела, пералiвалася, аж перазь берагi хлiпала. Хаос. Займе шмат часу яго ўпарадкаваць.

Янук iшоў галоўнай вулiцай Гацяў, але амаль нiчога навокал сябе ня бачыў. Увесь паглынуты думкамi, прасякнуты сьвежымi ўражаньнямi пасьля доўгай гутаркi з аграномам Падгайскiм, ён амаль мэханiчна стаўляў адну нагу перад другой i паволi пасоўваўся наперад. Адно рэзка адчуваў - да адказу наладаваны жывот. Каб хаця страўнiк, замораны баландай, справiўся з такiм прыбыткам!

36

Родная зямля - крынiца майго натхненьня, нянька, кармiцелька, настаўнiца, што мяне ўзгадавала i ў сьвет накiравала, - прыймi на ўлоньне сваё зьнядужэлага целам i акрыленага духам сына. Зь вялiкага падарожжа, зноў босымi нагамi ступаю па старых, утоптаных i iншых, цяпер пустазельлем зарослых, сьцежках. Зноў i яшчэ раз аглядаю цябе новым зрокам, пiльна прыслухоўваюся да тваiх гукаў, чую тваё дыханьне, насалоджваюся вясёлкамi прыроды твае. Як сьмяглы й змучаны падарожнiк спыняецца й прагна п'е з аазы ў пустынi, гэтак я, што вандраваў па далёкiх дарогах, вяртаюся ў кут, што даў мне жыцьцё, каб сокамi тваймi жыцьцядайнымi набрыняць. Вяртаюся да вытокаў.

Цяпер нанава прыглядаюся табе й прыслухоўваюся да цябе, правяраю твой пульс, мяркую, цi ты тая самая, што ў адлучцы доўга цешыла й прынаджвала мяне. Сумлеву няма, - i ў далёкiх падарожжах ты мне неадступна прысутнiчала. Бачыў я цябе ў удушлiвай камэры менскай вязьнiцы й згадаў цябе на галодны жывот, схiляючы галаву перад вiленскай Войстрай Брамай. Клiкала ты мяне перасьпевамi салаўёў i гарэзьлiва-заманлiвай усьмешкай мiлай Дунi, журботным шумам дубровы й маестатам магутнага гiганта Архiпа.