Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 212

К Акула

I раптам Януку зрабiлася да сьлёз шкада бацькi. Каб мог, каб асьмелiўся, кiнуўся-б яму на шыю, прыгарнуў, пашкадаваў-бы. Але на iхныя суадносiны паў цень гадоў, а жыцьцёвая жорсткасьць языку замiнала. Не за плуг, барану цi касу яму вяртацца. Яшчэ зусiм у пер'е не абросшы, пырхнуў з роднага гнязда i ўжо, вiдаць, не наканавана яму сюды вярнуцца. Вялiкая i iм некантраляваная сiла палонiць яго сэрца, цягне й штурхае да сьветлае мары, да ўзвышанага, да таго перад чым схiляюцца ў пашане людзкiя галовы. Але...

Адсюль, зь берагу роднага гнязда, вiдаць адно iмглiстыя зарысы таго, што дамiнавала над прагай жыцьця, каханьнем раднi... Дзесьцi ўнутры ўтрывалiлася стопрацэнтнае перакананьне, што тыя зарысы стануць некалi перад iм зусiм выразнай формай, што, магчыма, паўстане перад iм у будучынi галава нейкае Мэдузы, якую мо й зьненавiдзiць, але ня зможа супрацьстаяць сiле прыцяжэньня яе.

Цi-ж не Падгайскi... Як гэта ён сказаў? "Страшэньцы", значыцца згубныя... На родную зямлю зноў нахлыне зьненавiджаная бальшавiцкая пошасьць. Падгайскi ўжо адкрыў яму крыху заслоны, назваў цяпер тайную арганiзацыю, якая, - ужо падсьведама адчуваў гэта Бахмач, - прыцягне яго калiсьцi i ў моцныя абдымкi возьме. I прадчуваў, што ня будзе яму iншай дарогi.

Як пра гэта сказаць гаротнаму, нямогламу бацьку, каторага на свой лад моцна паважаў i любiў? Божа, чаму не парупiўся Ты перакiнуць зручных кладак з аднаго ў другое пакаленьне? Можа некалi ў будучынi давядзецца шкадаваць, што цяпер з бацькам ня зблiзiўся, не падыйшоў да яго, не прыгарнуў, не заглянуў зь любоўю ў вочы, не сказаў ласкавага слова. Як-бы было надзвычайна добра, каб цяпер знайшоў зручную фразу, удалы жэст цi паварот, ды сказаў бацьку: - Зiрнуi на мяне, тата. Я твой вывадак, цела ад твайго цела. Выслухай мяне. Я ад цябе, але мой сьвет гэта ня твой, бо я iншы. Дзякую табе за ўсё, што ты для мяне зрабi-ў i прабач, калi цябе пакрыўдзiў. Зразумей, што я мушу йсьцi сваей дарогай.

I шмат, шмат чаго задушэўнага мог-бы сказаць бацьку. Але ведаў юнак, што не асьмелiцца. Заслона мiж iмi так i застанецца. Бацька, пэўне-ж, думкамi часта вяртаецца ў сваю маладосьць, можа прыраўноўвае яе да Януковай i тое параўнаньне, магчыма, не ў Янукову карысьць.

- У цябе, мусiць, ёсьць вошы? - марудна спытаў Пракоп сына, заўважыўшы як той церабiў плечы.

- Ды ёсьць, каб на iх гаручка.

- Дык от бярыцеся, натапiце лазьню. Ты, Мiкола, памажы. Усю вашывую адзежу ськiнь, ды выкiнь дзесьцi на дрывотню. Трэба будзе спалiць. У лазьню возьмеш усё чыстае, там папарышся й пахвошчысься, каб усё турэмнае паскуства прэч. Дык бярыцеся за работу, а гаварыць яшчо будзем посьля.

Выхвастаўшыся добра распараным бярозавым венiкам i добра папарыўшыся, у той вечар Янук адчуваў сябе лёгкiм i сьвежым, як нованароджаным, быццам у хмарах плаваў. I гэтаму спрыяў яшчо арамат чаю за агульным сталом, дзе ў гутарцы,у прысутнасьцi Алеся, Кацярыны й Надзi да познай ночы сядзелi.