Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 208

К Акула

- Разумею, ды нешта нi саўсiм. Як гэта нам самiм здабыць нiзалежнасьць удасца, ды цяперака гэткай страшнай вайной? Дзе мы возьмем зброю? Дый што, будзем на два франты бiцца?

Падгайскi адказаў не адразу. Ён зiрнуў з адценьнем нейкай загадкi на твары, быццам хацеў сказаць нешта зусiм знамянальнае.

- Зусiм ня дзiўлюся, што так гаворыш. Гэта нармальная рэакцыя. Iншага ад нашых цяжка спадзявацца. Мне самому не давялося лёгка, пакуль зразумеў усю велiч iдэi й цьвёрда стануў на яе грунт. Гэта тая самая iдэя, каторай карыстаюцца ўсе духова вольныя народы. Нам зразумець яе нялёгка таму, бо, як я ўжо раней казаў табе, нам чужынцы стагодзьдзямi ўбiлi ў галаву думку, што мы чамусьцi горшыя за iншых, што мы прыдатныя толькi на нейкiх пахолкаў, значыцца можам тольклi iншым служыць. I гэтай, вось такой нявольнiцкай атруты нам цяжка пазбыцца. Трэба пераўзгадаваньне.

- Трэба ўбiць нашым людзям у галовы простую праўду, што яны маюць на гэтым сьвеце такiя самыя правы, Богам iм даныя, як i ўсе iншыя народы, што няма народаў-паноў i народаў-рабоў. Мы маем тутака такое самае Богам дадзенае права быць i вольна жыць, як усё iншае, Богам створанае. Як i ў прыродзе: зiрнi, усе расьлiны, усе зьвяры, кажнае самае наймалейшае мае права быць i разьвiвацца й выкарыстоўваць усё навокал сябе. Праўда адно зь iх слабейшае, а другое мацнейшае. Таму йдзе вечнае змаганьне.

- Ты-ж сам гаварыў, выказаў свае думкi, што меў на Пляцы Волi, што гэныя дзьве машыны-аграмадзiны дзеюць правамi прыроды, яны не прызнаюць нiякай духовай маралi, жывуць прынцыпамi чыстай сiлы. Нам такi прынцып трэба ўзяць за аснову, значыцца дзяць сiлай. Пачакай, пачакай, не сьпяшы. Я ўжо магу ўгадацль тваё наступнае пытаньне. У тым то й справа, што пытаньне гэта будзе памылковым. Яно заўсёды i ўсюды выплывае ў нашых людзей, калi перад iмi такую праблему паставiш. Дзе-ж наша сiла? Дзе наша армiя? Мы-ж слабыя, мы ў няволi.

- Гэта праўда. Але ты прыпомнi гiсторыю, вазьмi хоць далёка адлеглага ад нас Спартака. Кiм ён быў, пакуль на ногi ўсiх гладыятараў падняў? I прызнаеш, амаль Рым не павалiў. Крышку яму паспрыяла-бы развалiў-бы найбольшую iмпэрыю на сьвеце. Значыцца наша першае заданьне - перамагчы сябе. Паверыць у свае сiлы й абсалютную правiльнасьць нашай iдэi. Зрабiўшы гэта, мы можам стварыць моцны кулак. Пасьля спалучыўшыся зь iншымi паняволенымi народамi, такiмi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, навет Палякi, - бо цяпер i яны ў падобнай да нашай сытуацыi, - мы створым вялiкi й сiльны кулак. Значыцца сiлу. Кумекаеш? Супольнымi сiламi, з помачай захаднiх дзяржаў можам маскоўскую гаргарыну развалiць i вызвалiцца.