Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 207

К Акула

- У нас ёсьць свая арганiзацыя, - пачаў цiшэй, амаль кансьпiрацыйна, Падгайскi. - Гэна арганiзацыя незалежная ад нiякiх Немцаў цi iншых так званых вызвольнiкаў; яна створаная самымi чыстымi й адданымi беларускiмi патрыётамi, каб змагацца за вольную й незалежную Беларусь. Гэта арганiзацыя, з практычных мяркаваньняў, кансьпiратыўная. Яна апiраецца на свае беларускiя сiлы. Да яе належаць людзi, што ёсьць i ў цяперашняй беларускай цывiльнай адмiнiстрацыi, i ў войску. Яны аб'яднаныя адным жаданьнем - здабыць незалежнасьць Беларусi. У людзей гэтых адна й вельмi простая iдэя: выкарыстоўваючы ўсякiя магчымасьцi, стварыць свой моцны кулак, зьвязацца з заходнiмi хаўрусьнiкамi, каб iх выкарыстаць у будучай вайне за вызваленьне Беларусi. Вызваленьне, трэба сказаць, абапiраючыся на свае сiлы. Гэтыя людзi - абсалютныя рэалiсты. Яны зрабiлi выснаў, што нельга пакладаць надзеяў, як да гэтага часу розныя беларускiя палiтычныя групы цi партыi рабiлi, на тое, што нам якiя-небудзь чужынцы памогуць стануць на ногi, збудаваць сваю дзяржаву. Гэта арганiзацыя цьвердзiць, што мы павiнны вучыцца на нашых гiстарычных памылках. А гiсторыя гаворыць, што дагэтуль нашыя спадзяваньнi на помач каго-небудзь чужога нiколi не апраўдалiся. Я не хачу табе даваць прыкладаў. Сам вучыўся гiсторыю Беларусi, значыцца iх ведаеш. Коратка гаворачы, iдэялёгiя гэтай арганiзацыi зводзiцца да наступнага: анi Палякi, анi Маскалi, анi Немцы нiколi нам вольнай Беларусi нi дадуць. Мы мусiм, выкарыстоўваючы ўсё, мы можам здабыць вольную Беларусь самi. Гэта зусiм проста й ясна. Згаджаешся?

- Здаецца, - адказаў нясьмела Янук. - Але як, якiмi сiламi? Вы прабачце, спадар Падгайскi, я ня вельмi гэта ўсё разумею.

- Ня турбуйся, што адразу не зразумеў. Гэта цяжка зразумець навет некаторым старым i спрактыкаваным нашым дзеячом. Вiдзiш, у навейшай беларускай гiсторыi да гэтага часу нiхто так проста й ясна гэтага пытаньня ня ставiў. А яго ня так лёгка зразумець. Перш за ўсё, у бальшынi нашых людзей, навет самых перадавых i беларускай справе адданых, ёсьць комплекс народнай нiжэйшасьцi. Ворагi выпаласкалi нас духова, на працягу стагодзьдзяў ўбiвалi нам у галовы, што мы - гэта мужыкi, пагной, толькi здатны iм служыць. Гэтым часам яны адабралi ў нас веру ў свае сiлы, паняцьце, што мы ёсьць ня толькi ня горшыя, а ў некаторых адносiнах навет лепшыя за iх. Яны зруйнавалi ў нас чалавечую годнасьць, значыцца зламалi нам хрыбетнiк, на якiм трымаецца ўся нацыянальная й духовая вартасьць чалавека. Яны нiшчылi нашыя духовыя вартасьцi, ганьбiлi нас маральна стагодзьдзямi. Першы крок, стануць на свае ногi, - мы зрабiлi ў васемнаццатым годзе, калi абвесьцiлi дэмакратычную незалежную Беларускую Народную Рэспублiку. Гэта быў вялiзарны зрух, улiчваючы, што бальшыня народу знаходзiлася тады ў летаргу, як-бы ў сьне; была нацыянальна нясьведамая, толькi адзiнкi бачылi куды вядуць i што рабiць трэба. Гэныя адзiнкi, гэта, - як Палякi гавораць, i ты пэўне тое чуў, - гэта страцэньцы, значыцца згубныя. Праўда тварцы акту дваццаць пятага сакавiка былi рэалiстамi; яны ведалi, што незалежнасьцi Беларускай Нардонай Рэспублiкi ня ўдасца ўдзержыць, але ўсяроўна трэба распачаць працэс, палажыць першыя вянцы свайго дзяржаўнага дому, або глыбака закiнуць у народ iдэю, што ён зможа, калi напружыць свае сiлы, стануць на свае ногi. Кумекаеш?