Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 206

К Акула

Спасьцярог перапалох i ў аграномавых вачох. У крыху памутнелай ад шнапсу галаве нагальванiзавалiся цяпер усе пытаньнi, спалучаныя з болем сэрца. Як гэта можна было ўявiць, што бацькаўшчына зноў апынецца "у бальшавiцкiх крывавых лапах"? I цяпер вялiзная часьць яе, прынамсi там, дзе гаспадарылi маскоўскiя бандыты, знаходзiлася пад iхнай уладай. Але галоўная, уцалелая ад вайны часьць, - а да гэтага й зруйнаваныя гарады, - ня была ў руках бальшавiкоў. А тады-ж уся-ўсенькая ў iх ярме апынецца. I наступiць новае крывi пусканьне. Усю моладзь, як мятлой падмёўшы, пагоняць на "даёш Бярлiн!" Жахлiва!

- Так, а трэба, трэба пра тое падумаць. Значыцца, што рабiць..., сказаў цiхiм голасам Кастусь Падгайскi, як-бы прадаўжаючы Януковы думкi. I вiдаць, што думкi iхныя былi наладжаны на адну хвалю.

- Вы думаеце, што iхны прыход нямiнучы? - спытаў Янук.

- Хiба-ж якi цуд стаўся-б, чорт iх знаiць... Але, знаеш, Амэрыка й Англiя зь iмi. Як адкрыюць другi фронт, тады Немцам капут.

- А як наша Беларуская Самаахова? - прадаўжаў Бахмач.

- Агульна сказаць, дрэнь. Ахвотнiкаў прышло многа. Так от сiдзяць, ладу з таго мала. Немцы навет вопраткi нi далi, значыцца Бiларуская Самапомач мусiць забясьпечыць iх. А зброя - што папала. Пiраважна савецкiя стрэльбы, дый тых мала. Я гэта гавару пра глыбоцкую... Мусiць, таксама i ў iншых гарадох. Да таго-ж Немцы не дадуць права на адзiнкi большыя, чым батальён, ды яшчо самi будуць iмi камандаваць, а значыцца нашыя афiцэры мусяць слухаць нямецкiх. Адным словам пацеха для нас невялiкая. Можа сям-там, бандытам дзе на хвост наступяць, дый толькi й таго. Таму я й раiў Антосю Дзеркачу йсьцi ў палiцыю, пераняць ад Палякаў, а там будзе вiдаць... Ведама, што цяперака бэцээр робiць стараньнi, каб Немцы дазволiлi стварыць беларускую армiю й змабiлiзаваць дзяцюкоў. От, гэта калi ўдасца. Хаця... Усё гэта запозна. Нам трэба далей наперад глядзець, плянаваць...

Янук з пытальнiкам у вачох зiрнуў на агранома й ведаў, што той скажа нешта надзвычайна важнае, дагэтуль iм нiколi нячутае. Падгайскi зiрнуў Януку проста ў вочы. I ў шэрых аграномавых вачох Бахмач знайшоў поўны давер, а твар ягоны пабацькоўску ласкавы. Так глядзелi сабе ў вочы людзi, якiя доўга шукаюць адзiн аднаго на жыцьцёвых шляхох i нарэшце знаходзяць абяцаную гадзiну й абяцаную сустрэчу. Ад таго моманту Янук ведаў, што лёс ягоны ў нейкай ступенi будзе доўга зьвязаны з гэтым чалавекам. Магчыма Падгайскi й зьявiўся тым чалавекам, што замянiў-бы духовага бацьку, выцягнуў-бы яму руку, павёў-бы ў тую грамаду, якая, - падсьведама прадчуваў юнак, - мела-б iснаваць у цэлым гэным хаосе, якая-б ведала сваю мэту й цьвёрда вяла-б да яе. Пасьля горкага рашчараваньня ў рэдакцыi ў Менску, пасьля горычы-рэалiзацыi, калi прыйшлося зразумець, што ня ўсе з назову Беларусы, навет на высокiх пазыцыях, такiя, як маёр Чмель, могуць i хочуць табе памагчы, юнацкае сэрца спадзявалася, што ёсьць недзе чалавек, якi можа ведаць тую запраўдную, нутраную беларускую клетку, дзе перапоўненае патрыятызмам сэрца маладога юнака знойдзе прыстанiшча, сяброў, дзе будзе крочыць побач iншых, такiх самых адданых, як ён да агульнае мэты.