Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 194

К Акула

Знаю што ты можа ня будзеш мець магчымасьцi адпiсаць мне, але твой бацька раскажа мне пра цябе.

А цяпер раскажу крыху пра сябе. Вучу я ў сваей школе ў Лiтоўцах..."

Лiст даволi даўгi. Зь яго даведаўся Янук, што Антось забiў двух вясковых бандзюгаў, прачытаў i пра нялёгкасьць Дунiнага настаўнiчаньня ў вясковай школе. I пажаданьне, каб вярнуўся ён, каб разам настаўнiчалi. Даведаўся й пра тое, што Дзеркачыха Нiна перабралася да мужа ў Гацi й забрала навет з сабой усю хатнюю жывёлу. Сама-ж Дуня пражывае цяпер у старых Дзеркачоў, бо дома няма як працаваць.

I наапошку:

"Чакаю цябе, мiленькi. Вяртайся да сваей гарэзьнiцы-рагатухi. Хоць ад часу нашага расстаньня мiнула некалькi месяцаў, я зусiм мала зьмянiлася, а ўжо сам ты скажаш, як спаткаемся, цi папрыгажэла цi пабрыдчэла. Чакаю цябе на волi. Цалую цябе.

Адданая табе Дуня."

Патрэбныя былi Януку гэныя цёплыя словы, як сонца й паветра. А яшчэ больш цэннынм стаўся лёгкi гумар "гарэзьнiцы". Iм, як можа больш нiчым iншым, падмацаваўся юнак, каб ператрываць рэшту часу ў вязьнiцы й дажыць да ўжо ня так далёкага дня.

34

Дзень усьмiхаўся ласкавым сонейкам, чыстым чысьцюсенькiм, дзе-нiдзе воўнай лёгкiх хмарынак засланым небам i зусiм умеру марозным, слабым ветрыкам. Дзень, як на замаўленьне. I зьзялi ў руiнах сьвежыя, рассыпаныя ноччу сьняжынкi, куды весялей спрэчкi вялi вераб'i. Асаблiва гэты дзень для беларускай сталiцы, а ўжо зусiм адмысловы для Янука - першы дзень волi.

Учора, калi выпусьцiлi, ня ведаў як iсьцi без канвою, па бакох аглядаўся. Ня верылася, што вось ён сам ставiць свае крокi ў якi хоча бок. Цэлы вечар у Рашкевiчыхi, быццам губка ваду, пiў-глытаў усё новае, яму яшчэ кагадзе зусiм недаступнае: што на вайне, што ў горадзе й на Беларусi наагул, што на шырокiм сьвеце. Дзе фронт, хто каго й як? I даведаўся, што сяньня мае на Пляцы Волi быць. Кажную драбнiцу пачутага абмяркоўваў, ацэньваў-узважываў, з большай развагаю ў сьвятле практыкi перажытага прымерваў...

На Пляцы Волi сабралася ўжо шмат цывiльных. Прыйшло й войска. У чорным... Паставiлi ў казлы зброю, фармавалiся прастакутнiкамi пад крыклiвую каманду. Казалi па радыё, што мае быць выпуск афiцэраў i падафiцэраў Беларускай Самааховы. Дык чаму яны ў чорнай вопратцы? Можа пасьля iм зялёную дадуць? Ня ведаў юнак, што згодна волi акупантаў Самаахова мела быць апранутая стараньнямi Беларускае Самапомачы, значыцца ў нейкi самаробны кужаль, а ўжо куды лепш, калi ў паўсуконьнiк. Кужаль, пахварбаваны нейкай альховай карой... Дзе-ж фарбу возьмеш?

На загадцы колеру вопраткi гэных стройных i добра падабраных, ужо навучаных вайсковага рамясла людзей, Бахмач затрымаўся адно мiмалётам. Хоць жывот ягонны, дзякуючы Рашкевiчысе, папаўнеў, хлапец адчуваў нейкую слабасьць, быццам вольнасьць i прылiў усяго новага, што ашаламiла яго пасьля вязьнiцы, пахiснула на нагах.

Перайшоў нейкi Рубiкон. Ня сам iз свае волi. Яго на другi бераг, бадай, сiлы лёсу перакiнулi. А там, дзякуючы цярпеньню й роздумам, адкрыўся i ўстаў перад iм зусiм новы, да гэтага часу практыкай нязьведаны сьвет. Апынуўся на самым доле таго сьвету, безагляднымi валадарамi якога былi вунь гэныя, што цяпер гаспадараць на сьцягамi абвешаным, шчодра ахвярнай крывёю палiтым Пляцы Волi.