Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 195

К Акула

I прыносiць, i здаюць iм рапарты людзi ў чорным. А самi гаспадары нейкiя шрубкi цi шасьцярнi зблiжэй неапазнанае Януком машыны, каторая ня ведае любовi, дый наагул ня мае нiякае эмоцыi. Машына тая - аграмадная гаргарына, а рухавiк яе - суцэльная й безаглядная сiла. Для сьмерцяноснай машыны нiчога на сьвеце, апроч сiлы, ня iснуе. Што з таго, што вось гэныя малыя шрубкi прыкiдваюцца тваймi прыяцелямi, цi - як некаторыя маўлялi, хаўрусьнiкамi па зброi супраць бальшавiцкае агiды? Ты-ж ведаеш, што яны гэта звычайныя смактуны, што павалiлi твой народ i смокчуць-цягнуць зь яго асноўныя жыцьцёвыя сокi. Чаму яны называюць сябе тваймi прыяцелямi? Пэўне-ж, гэта - людзi ў масках. Тыя самыя, што спалiлi, разам зь дзецьмi, жанчынамi й старымi Залатуху, Азарцы, Шабунi, што зьнiшчылi сотнi iншых Азарцаў. Яны з таго кодла, што закрывавiла й спапялiла не адзiн пляц волi, можа пачынаючы ад Варшавы, праз Ратэрдам i Лёндан, а можа яшчэ яшчэ раней падчас гiшпанскае вайны. Вышчарбiўшы пару зубоў у Сталiнградзе, гэта ненажэрна-прагавiтая пачвара ўсё яшчэ трывае, бо ня пераламалi ёй яшчэ хрыбетнiка.

А хто гэныя людзi ў чорным? Патрыёты, цi пазадкi? Чым матывавалiся яны, калi йшлi на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Якi гэта патрыятызм? На Янукоў юнацкi, да чырвана, здавалася, распалены патрыятызм гэныя тучненькiя "обэрмэншы"-таптуны халоднай вады лiнулi. Праўда, тлела ў сэрцы iскра. А вунь, мiж афiцэраў на Пляцы Волi спасьцярог Янук i высокага, стройнага, прыкладна-вытрыманага ў рухах маёра Чмяля. Твар яго спакойны, самазадаволены, жэсты вывучаныя. Сямейка ягоная на Пляцы Волi сабралася. Гаспадар паклiкаў. Як выглядаў гэты маёр Чмель, калi громам абрушыўся ў сваiм бюро на Лявона Загорнага, пагражаючы яго арыштаваць, калi той прыйшоў помачы Бахмачу шукаць? Зiрнi, якi ён паслухмяны-гiбкi перад гаспадаром. Што гэта за чалавек? Цi можна яму даверыць свой лёс, як камандзеру, якi павёў-бы цябе на змаганьне на сьмерць i жыцьцё з ворагам? Цi дзялiў-бы ён з табой гразь i золь у вакопах, цi перавязаў-бы табе рану, цi падаў-бы табе мiску гарачае стравы, цi спатолiў-бы цябе цёплым словам?

Парываньнi, натхненьне, патрыятызм... Яны можа яшчэ былi, але агiдны сьвет няволi, у якiм Янук амаль не загiнуў з голаду й хваробы, узброiў, насьцярожыў, пасеяў недавер да раней высокiх, у юнацкiм уяўленьнi беззаганных аўтарытэтаў. Яшчэ аставалася вера, хоць i яе разьядаюць сумлевы...

Калi гэта, што маладому Януку давялося спазнаць, пабачыць, пачуць, рэальнасьць, дык чым тады займаецца Бог? Чаму народ, якi даў сьвету Сьвятую Афрасiньню Прадславу Полацкую, Сьвятога Кiрылу Тураўскага, Скарыну, Дастаеўскага, Калiноўскага, Багдановiча, Купалу й шмат iншых выдатных людзей, чаму народ, якi амаль зьлiўся з прыродай i нiкому крыўды не рабiў, пакiнуты сiламi нябеснымi на зьдзек i глум iншых? Чаму тапталi яго ўсе, як той прыказачны гарох пры дарозе?