Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 193

К Акула

- Ты, тата, быў у турме?

- Ага, быў.

- I яны табе сказалi, дзе я ёсьць?

- Ды дзе там... Сказалi прыйсьцi заўтра вечарам на вiзыту.

- Калi тое было?

- Ды ўчора сказалi.

- А як-жа ты мяне знайшоў тут?

- Рашкевiчыха сказала.

- А яна ведала?

- Ну ей-жа Лявон Загорны гаварыў куды ты папаўся. А пасьля яна колька разоў даведвалася ў цюрме, дый мусiць неяк вынюхала куды цябе на работу ганяюць.

- Глянь ты, гэта-ж залатая жанчына, - дзiвiўся Янук. - А сама нi прыйшла мяне адведаць.

- Нi здаровiцца ей, можа й прыйшла-б.

- Добрая вельмi жанчына. Ты ў яе задзержыўся?

- Так. Ды от знаiш, прывёз табе кавалачак сала, але як увiдзiў, што ў бядзе Рашкевiчыха жывець, дык ей трошкi даў. Ну за гэта прабач.

- Нiма за што прабачаць. Добра зрабiў.

Калi бацька пасьля перадаў яму торбачку, знайшоў там Янук паўбохана чэрствага хлеба, кавалак сала, некалькi сухароў, ды яшчэ добра адлежаных на гарышчы ў кастрыцы сочных пахучых антонавак. Пах тых харчоў, асаблiва-ж антонавак, прынёс яму ў няволю духмянасьць родных гоняў.

Янука як апякло, калi бацька сказаў яму, што Лявон Загорны бегаў прасiць маёра Чмеля, каб памог вызвалiць Янука. Гэты Чмель, тойсамы, каторага бачыў ранiцай як сьпяшыў на працу, каторага, - ох, жах! - думаў сам прасiць, каб зь няволi выратаваў, гэты самы маёр Чмель прагнаў Загорнага з канторы, пагражаючы яму арыштам.

Янук распытваўся пра вёску, знаёмых, асаблiва пра Дуню. Бацька перадаў яму Дунiн лiст, якi юнак зараз-жа схаваў у кiшэню. Ён расказаў бацьку агульна пра жыцьцё ў вязьнiцы, ды паведамiў, што за два месяцы будзе на волi. Янук пазiраў на вартавога. Той спакойна рзглядаўся навокал, ды неўзабаве падыйшоў i сказаў: - Даволi. Я й так рызыкую.

- Вiдзiш, сынок, каб слухаў мяне, - пачаў яшчэ бацька на разьвiтаньне, але тут Янук раптоўна перарэзаў яму:

- Тата, ня трэба. Знаю, што хочаш сказаць. Ня трэба. Я выжыву.

- Ну давайце, даволi, - налягаў вартавы.

- Бывай, тата. Дзякую за ўсё. Прывiтай ад мяне Дуню i ўсiх...

- Бывай, сынок. Глядзi-ж, як выпусьцяць, то едзь адразу дамоў.

Разьвiтаньне такое-ж сухое, як i сустрэча. Дзесь мiж iмi была мяжа, а што за яна - абое добра ведалi. I пераступiць яе нiводзiн не хацеў. Стары, змучаны горам селянiн, i малады, цяпер фiзычна зьняможаны сын. Але мяжа асталася мяжой. Павольным крокам крышку ўжо пахiлiўшыся наперад, бацька спакойна, яшчэ раз яглянуўшыся, пайшоў праз малы пляц. Янук вярнуўся да працы.

- Ну что, ацец падачку прынёс, западнiк? - зьвярнуўся да яго пензенскi злодзей.

- А табе што? - суха адказаў Янук.

У гэны дзень ён пiльна сьцярог свае торбачкi. Але найбольш пёк яго Дунiн лiст, якi толькi падчас абеду, зьеўшы гарох, адыйшоўся ад iншых вязьняў, пачаў чытаць.

"Дарагi Янучок,

Каб ты ведаў, як я ўзрадавалася, калi даведалася, што ты знайшоўся й што твой тата адведае цябе" - пачала мiлым почыркам каханая дзяўчына.

"Я малюся Богу, каб ты як найскарэй вярнуўся на волю. I як-жа ты, дурненькi, папаўся? Ты мне прабач, што пiшу "дурненькi", - гэта так сабе ў мяне вырвалася. Ты знаеш нашыя адносiны. Калi я даведалася, што ты недзе аж у Менску ў вязьнiцу трапiў, дык моцна перажывала. Вайна прыносiць розную небясьпеку, але кажны спадзяецца, што бяда яго абмiне.