Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 192

К Акула

У вадзiн зiмовы дзень далёка перад полуднём, да плоту, што перад будынкам камiсарыяту, прыблiзiўся апрануты ў чырвоны, даволi палiнялы ў ужытку паўшубак, сiвыя паўсуконныя штаны, упхнутыя ў рудыя боты й баранкавую шапку на галаве высокi ростам чалавек. Пад рукой трымаў кужэльную торбачку. Затрымаўся, здалёку разглядаў групу вязьняў. Ягоны прадаўгаваты, з рудынмi вусамi, пабiты ў разоры твар паясьнеў, а ў блакiтных вачох зьявiлiся iскры радасьцi.

- Янук!

Голас, здаецца, знаёмы, даляцеў да Януковых вушэй разам з гукам кiданай у тачку цэглы. Што за капрыз гукаў. Хлапец нагнуўся, каб прадаўжаць працу, але клiканьне паўтарылася. Воддаль крокаў дзесяць вартавы спакойна круцiў з газэты й самасейкi чарговую папяросу. Янук перш зiрнуў на яго, а пасьля спасьцярог куды той пазiраў. Ля плоту стаяў чалавек, што пiльна ўзiраўся ў яго. Хлапец ня верыў сваiм вачом. Ён кiнуў працу, падыйшоў да вартавога.

- Гэта мой бацька, - сказаў ледзь чутна, з хваляваньнем.

Вартавы ўлажыў ў рот скручаную папяросу.

- Ага, - адказаў юнак i ўсьмiхнуўся да дарагога яму чалавека.

- Ты-ж знаеш, што на рабоце вiзiтаў няма, - адказаў вартавы.

Янук ня верыў сваiм вушам. Няўжож гэты мянчанiн не дазволiць яму сустрэцца з родным бацькам? У голасе вартавога ня было фiнальнасьцi.

- Бацька прыехаў з дому за дзьвесьце кiлямэтраў... Як-жа так нi спаткацца?

Канвойны стаяў i думаў, пазiраў то на бацьку, то на Янука.

- Хадзi сюды, - кiўнуў ён галавой Пракопу Бахмачу. - А вы чаго вочы паказелiлi? - зьвярнуўся да чатырох iншых вязьняў, што спынiлi працу й прыглядалiся вiзытару. - Прадаўжайце!

- Няхай сабе, спаткайцеся, але каб начальства ня бачыла, - сказаў вартавы, праводзячы Янука далей ад чырвонага дому. Пракоп абыйшоў плот i воддаль, у засягу зроку вартавога прыблiзiўся да сына.

- Тата, як ты тут? - спытаў юнак. Пасьля дакараў сябе за тое, што ня кiнуўся бацьку на шыю, не расцалаваў яго з радасьцi. Але, вiдаць, замiналi гэтаму ранейшыя суадносiны, тыя даўгiя спрэчкi, бацькава неразуменьне новага пакаленьня. Абое прыселi на кучы цэглы й бязь нiякае цяплынi, быццам учора бачылiся, пачалi гаварыць.

- Як я во тут? Прыехаў во, дый усё, - адказаў Пракоп.

- Тата, ня трэба было, такую даль...

- Сынок, ты ня ведаеш бацькавага сэрца. Начамi ня мог я спаць. Нялёгка гэта. Колька разоў езьдзiў у Глыбокае, каб бiлет далi. Нялёгка мне...

Бацькаў голас раптам абарваўся, а Януку нейкi камяк залажыў горла. Колькi цяжкасьцяў мусiў перамагчы гэты гаротнiк, каб знайсьцi яго ў так далёкiм горадзе, ды яшчэ ў вязьнiцы! Але Янук, згодна раней засвоенага iм правiла, намагаўся, каб не паказаць слабасьцi, хоць куды лягчэй было-б расплакацца.