Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 196

К Акула

Побач касьцёл. На яго дзьвярох, зьедзеныя непагодай, парваныя ветрам, шматкi паперы. Ледзь разьбярэш:

...нядзелi адбываюцца служ...

...ксёндз Вiнцук Гадлеўскi

....................................

Калiшнi Генэральны Iнспэктар Беларускiх Школаў. Родная школа - вялiкая кузьня беларускасьцi, аграмадная работа для вялiкага чалавека. Чалавека зь вялiкай лiтары. Гаротнiка-апостала, што пехатой прывалокся дзесь з Варшавы тады, як яшчэ курылi руiны спаленых гарадоў... каб "будаваць беларускi дом". Мусiць з занадта вялiкiм размахам браўся будаваць. Вырас, узмужнеў, народным, нявыгадным для акупанта аўтарытэтам стаўся. Молах загадаў яго прыбраць. У руках латыскiх забойцаў-эсдэкаў, сваякоў калiшнiх бальшавiцкiх стралкоў, цi ня ў Рызе ахвярнае й пакутнае жыцьцё скончыў. Гэта рэальнасьць.

Колька можна вырасьцi за чатыры месяцы? Цi льга аж на столькi перайначыцца, каб запярэчыць самому сабе, ранейшаму? Выглядае, што так. Юнак у шэрай, паўсуконнай сьвiтцы, бледны, слабы, худы, што цяпер стаiць пры дзьвярох касьцёлу на Пляцы Волi й прыглядаецца войску, ведае горыч рашчараваньня, безнадзейнасьць няволi, пагрозу цёмнае пропасьцi, што магла праглынуць яго ў нябыт. Вытрымаў. Цяжка сказаць, як гэта ўсё адаб'ецца на ягонай душы: цi прывядзе да моцнага й трывалага гартаваньня характару, цi ня дай, Божа, - да ўпадку. У сэрцы - сумлевы, недавер. Цяжар усьведамленьня, што свой чалавек не абавязкова зьяўльяецца тваiм памочнiкам. Можа быць i ваўком. Iржа сумлеву разьядае кволую тканiну маральнае асновы юнацкага характару.

Дзесьцi над Дняпром тысячамi вогненных зяпаў выпальвае сабе дарогу другая пачварная машына.

"Даёш Бярлiн!"

Тая, што зглумiла мiлiёны людзей на Салаўках, у Сiбiры, Беламорканале, Калыме. Ледзянавокi, з васпаватым твара, таксама як i "обэрмэншы", дзеiць правамi прыроды. Ён - абсалют, пачатак i канец, i найвышэйшы судзьдзя, i пракурор абвiнавальнiк, ён i прысуд. Ён - альфа й амэга ўсяго, што пад ягонай уладай дыхае й варушыцца. Ён разьвяжа ўсе Гордыевы вузлы, усе складаныя пытаньнi жыцьця ў якiх блыталiся мудрацы ўсiх народаў i пакаленьняў ад пачатку сусьвету. Непакорным прынясе вечны супакой... у магiлах, а апрычнiкам дасьць прылады забойства й шчодра ўзнагародзiць iх, каб прадаўжалi сваё нiкчэмна-подлае iснаваньне на ягонай службе. I мiлiёнамi распаўзуцца забойцы па цэлым сьвеце, каб гордае, вольнае й непакорнае выкаранiць, а падатнае пад сваю ўладу ўзяць.

Нiкчэмнiк тыран прыпрог у сваю калясьнiцу найбольш агiднае, антычалавечае, антыбоскае. Вунь ягоныя пасланцы, перапоўненыя гневам i нянавiсьцю да высокага й шляхотнага, забiваюць у менскiх руiнах. Калi не сваiмi рукамi, дык правакацыямi, рукамi працiўнiкаў. Колькi Беларусаў перабiлi! Цяпер вайна, што ня ведае нiякае меры й лiтасьцi. Цяпер бандыты страляюць ва ўпор. А раней? На "мiрным будаўнiцтве" выдушылi цьвет беларускае iнтэлiгэнцыi, моладзi. Каб больш нiяк i нiколi ня змог на ногi падняцца зьняможаны, зьнявечаны, зганьбаваны народ. Душу яму адабраць i так адурманiць, каб рабом, для заваяваньня iншых, у тую вялiкую калясьнiцу падпрогся...