Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 191

К Акула

У Януковым уяўленьнi складвалiся словы просьбы, кароткай i абавязкова драматычнай, каб зьвярнуць увагу гэтыцх людзей, якiя, пэўне, будучы пры ўладзе, маглi-б сваiмi, ведамымi iм сьцежкамi, спрычынiцца да таго, каб Янука пусьцiлi на волю. I ледзь-ледзь цi раз Янук ужо ня кiнуўся да iх. Але... Добра, што не адважыўся. Бо калi той маёр Чмель пагражаў арыштам ягонаму сябру Загорнаму, каб не дакучаў, дык як-бы ён зрэагаваў, калi-б з групы вязьняў, што працавалi пры ачышчэньнi руiнаў, выбег яму насустрач схудзелы юнак ды пачаў вярзьцi нешта зусiм нясумяшчальнае з тымi думкамi, якiя ў той час мог мець важны афiцэр падарозе да сваiх дзённых, пэўне-ж вельмi важных заняткаў? Ён-жа ў той час мог разважаць пра хады й пералазы для пабудовы вялiкай беларускай армii, мог укладаць якiя вялiкiя пляны. А тут, раптам, насустрач, iз крыкам - ратуйце! - вязень, якi ўцёк спад аховы вунь таго вартавога. Чаго добрага, афiцэр мог-бы выцягнуць з кабуры пiсталет i тут-жа юнака застрэлiць.

А ў гэты чырвоны будынак плыло што iншае: у рудых, партыйных мундзiрах i пераважна з шафёрамi на аўтамабiлях, прыяжджалi запраўдныя валадары паняволенай зямлi. Пры ўезьдзе таксама правярала iх варта. Гэтта, вiдаць, быў гэнэральны камiсарыят Беларусi. Але адкуль Януку было тады пра гэта ведаць? Каго спытаешся? Спрабаваў пацягнуць за язык свайго вязьнiчнага вартаўнiка.

- А табе што да таго, хто тут працуе? - буркнуў той.

I запраўды, якая розьнiца? Вось перад табой тачка, кiрка, лапата. Разьбiвай побач мёрзлы мур, кладзi на тачку, адцягвай вунь далей у гэну кучу. Трывай. Даваццаць чацьвертага сакавiка будзеш вольным. А да таго часу трывай. Падзякуй Богу, што ад каросты выжыў, што дыхаеш цяпер сьвежым, а ня смуродным удушлiвым вязьнiчным паветрам.

А ў тым чырвоным будынку, чуваць, званiлi тэлефоны, скрозь гучэла нямецкая мова. Розныя таўстапузыя партыйныя валадары гэтай паняволенай краiны наматвалi й разматвалi ўсялякiя, Януку няведамыя, клубкi, дзякуючы якiм павiнен быў жыць, мардаваць i дзеяць акупацыйны апарат гэтай зямлi.

Перад абедам да вушэй вязьняў далятаў бразгат пасуды iз сталовай, а насы казыталi пахi страваў кухнi. Пахi тыя, асдаблiва мясныя, дражнiлi вычарпаныя арганiзмы. А галава марыла пра тое, каб калi-небудзь сесьцi за добра застаўлены стол, убачыць перад сабой чыстую талерку, з ножам i вiдэльцам побач, спажыць чыстую й нармальную страву, абавязкова iзь нейкай добрай скваркай цi кавалкам мяса. Якая гэта вялiкая мара! Нешта недасягальнае.

Дзесьцi пасьля таго, як зьбiралiся на абед нямецкiя вяльможы, калi грала ў сталовай музыка й даляталi на руiны вясёлыя галасы, лёгкi жаночы сьмех, дзесьцi ў той час вязьням прынасiлi зь нейкай, а можа i з гэнай кухнi вялiкi гаршчок духмянага гарохавага супу. I кажны дзень, i абавязкова гарохавага. Суп той пахнуў мясам, быў надта густы i яшчэ адно важнае: быў вельмi й надта гарачы. А маладому, дарэшты зьняможанаму арганiзму, якi прагнуў нечага тучнага, якраз тая гарачыня была найбольш патрэбная. I хоць скупая порцыя супу з бляшанай круглай банкi занадта скора апыналася ў бурклiвым жываце, тыя некалькi хвiлiнаў, калi яго спажывалася, здавалiся найбольшай насалодай на сьвеце. Усё-ж гарачы густы гарохавы суп - гэта ня тая турэмная баланда, дзе "крупiна за крупiнай ганялася з дубiнай".