Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 187

К Акула

Раптоўна забрахаў Ромак i Антось насьцярожыўся.

- Чуеш? - сказаў Максiму. - Мой сабака брэшыць.

Але тут сталася нешта нязвычайнае. Ромкаў голас зьмянiўся. Быццам сабака ня ведаў, цi вiтаць вiзытара, цi на яго далей брахаць. I тады вецер прынёс да Антосевых вушэй лёгкi, ласкавы сьвiст, якраз такi, якiм некалi Сабакевiч свайго гадунца лашчыў. Хто-ж мог так сьвiстаць? Той, хто добра ведаў Ромку й Сабакевiча. Ды неўзабаве няпэўнае сабакава гаўканьне зьмянiлася ў прыдушаны хрып. Цi яно так, цi толькi здалося? Яшчэ за хвiлiну сабака зусiм сьцiх. Антось жахнуўся. I адно пачуўшы выразны стук, устаў на поўны рост.

- Нехта сабаку забiў i дзьверы ломiць. Бяжым!

Выбеглi на бальшак i пасьля павярнулi на сьцежку, якой вучнi ў школу хадзiлi. У гэнай шпаркай хадзе, здалося Антосю, пачуў нейкi трэск i звон шкла, быццам хто па вакне стукнуў.

"Каб-жа скарэй, каб не запозна!" - наглiў сябе задыханы Антось. Зь iншага боку ўспакойваў сябе тым, што калi навет бандыты ў хату ўжо ўлезьлi, дык адразу жанчын не пачнуць мардаваць. Ды цi ў гэтым справа? Разважаць было некалi. Бо што з таго, калi яны апынуцца ў такiм палажэньнi, што выратаваць жанчын нельга будзе? Казаў-жа Нiне, каб трымала ўсё напагатове, каб у выпадку небясьпекi ў тую нару пад падлогу лезьлi.

Па дарозе, засопшыся, Антось, а за iм Максiм, паськiдалi зь сябе пальты. Калi ўсё будзе ў парадку, тады iх можна падабраць будзе. Добра прывыклыя да цемнаты вочы абшуквалi навакольле хаты, каб на якога вартаўнiка не нарвацца. Але ззаду хаты, куды яны асьцярожна падбеглi, - дзякуй Богу, гэтта была сьнежная выемка, - нiкога ня было. Цяпер асьцярожна, пры сльцяне нiжэй вокнаў, Антось рухаўся, каб зайсьцi на перад будынку. Вызiрнуў з-за куста. I сьпераду нiкога ня бачыў. А тады Дзяркач спасьцярог Ромкаў абвiслы ланцуг i на вытаптаным двары нярухомае цела сабакi. Дзьверы ў сенi былi зачыненыя, але затое, - i гэта добра было вiдаць, - нехта пабiў шыбы й выламаў раму ў вакне.

Зусiм прыгнуўшыся ля сьцяны, Антось зiрнуў на Максiма, што сьледаваў яму па пятах i паказваў рукой, каб астаўся на месцы, а сам, як мага асьцярожна, падпоўз да пабiтага вакна. У хаце нешта блiснула, магчыма, што сьвятло лятаркi, i зноў пагасла. I тады пачуў Антось Лявонаў голас:

- Нiма, каб iх халера, як пад падлогу прапалi.

У голасе была злосьць i рашчараваньне. Уздрыгнуўшы, Антось адразу ўсьведамiў, што жанчыны схавалiся. Але яшчэ больш узрадаваўся, што чалавек, якi расплату яму абяцаў, цяпер знаходзiцца тут, у яго хаце. А хто-ж зь iм? Да каго Лявон гаворыць?

- А што, калi яны пад падлогай?

Крыху зьдзiвiў Антося голас Павалiцкага Хвёдара. Гэтага падонка не спадзяваўся тут знайсьцi. I тады зноў Лявон у вадказ:

- Дык дзе-ж, яж раней у гэтай хаце бываў. Нiма ў iх пад падлогай склепу.

Сумлеву ня было. Жанчыны схавалiся, а гэтыя так i ня ведалi пра Антосеву тайну. Трэба было дзеяць. Але было пару невядомых. Як гэтыя людзi былi ўзброеныя й дзе ў пакоi яны знаходзiлiся? Якраз тады даляцеў да Антосевых вушэй трэск бiтай пасуды. Добра. Адзiн быў ля шафы. А дзе другi? Можа пасьвяцiць лятаркай? Антось перачакаў яшчэ пару хвiлiн i ўжо пачуўшы гутарку пра самагонку, добра ўяўляў дзе бандыты знаходзiлiся.