Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 188

К Акула

Дзяркач устаў на поўны рост i зарагатаў у ягоных руках аўтамат. Перш даўгую сэрыю пусьцiў у ваколiцу ложка, пасьля туды пад шафу, а трэцюю ў ваколiцу стала. I яшчэ пару кароткiх. Веялкай. Прысеў i слухаў. З хаты чулiся стогны. Антось моцным штуршком рынуўся праз вакно ўсярэдзону, упаў на падлогу, адкацiўся. Упоцемку, ледзь вiдаць, спасьцярог тых, што прыйшлi паляваць на яго. Фiгуры ля шафы, ля бiтай пасуды ня рухалася, а побач ложка нехта стагнаў.

Праз вакно ўскочыў Максiм.

- Максiм, пасьвяцi.

Сьвятло лятаркi каўзанула па пакоi. Раськiнуўшы рукi, ляжаў пры шафе Павалiцкi Хвёдар, а Лявон, з правай рукой ля курка стрэльбы, варушыўся на падлозе пры ложку.

- Ня сьмей, сабака! - гаркнуў Антось i яшчэ раз шмайсарам перавёў драгамiшча па грудзях.

- Нiна, Дуня! Дзе вы? Вылазьце!

Антось адсунуў ложак, адкрыў покрыўку.

- Антоська?

- Вылазьце.

Дзяркач запалiў i паставiў напокуцi каганец. Бледныя жанчыны, дрыжачыя з холаду, вылезьлi з нары. Антось ботам, з агiдай, адпiхнуў пад парог Шпунтоў труп, падняў савецкую "вiнтоўку", паставiў яе ў кут.

- Ня трэба яна табе болi, сабака!

Нiна кiнулася мужу на шыю, узнагароджвала яго цалункамi.

- Антоська, саколiк мой.

Сьлёзы радасьцi паплылi па бледным твары. А Дуня, таксама дрыжачая, стаяла збоку, пазiрала на Дзеркачоў i Максiма, ня ведала, цi браць ёй удзел у гэтай радасьцi, цi што iншае рабiць. Яна пазiрала на двух забiтых на падлозе i яе пачынала яшчэ больш трасьцi. Гэтыя дзьве брыды, каб не Антось i Максiм, маглi-б во так стаяць над яе i Нiнiным трупам. Адно яшчэ перад тым пазьдзеквалiся-бы.

- А што зь iмi? - спытала Дуня.

- Давайце вон гадаў гэтых.

Ужо на двары, калi выцягнулi й палажылi iх непадалёк ад Ромкавага трупа, Антось, пасьвяцiўшы, яшчэ каб быццам упэўнiцца, што ён упаляваў паляўнiчага, сказаў:

- Так вам трэба, сабакi! Але што я гавару? Вы нявартыя сабакi Ромкi, вы гады! Цьфу! Шкада Ромкi...

- Антось, гэта ты? - пачулася зь цемры.

Голас Дзеркачовага бацькi.

- Усе цэлыя? Каго гэта чорт да вас прыгнаў?

Стары, захутаныў кажух, прыблiжаўся. Ад варот iшлi й iншыя людзi.

- Каго чорт прыгнаў, таго й забраў, тата, - адказаў Антось. - Болi ён зьдзеквацца над намi ня будзiць.

33

Iдучы па менскай вулiцы пад канвоем, у лiку пяцёх чалавек з групы, якую пасылалi на рашчышчаньне хламу й руiнаў ля будынку камiсар'яту. Янук ледзь цягнуў слабыя ногi. Яшчэ кружыла ад сьвежага паветра галава й ён моцна высьцерагаўся каб не спаткнуцца на якую няроўнасьць, выбоiну, каб ня ўпасьцi. Тады будзе канец, - гэта ведаў. I так ледзь ня скончыўся. А цяпер вытрымаць! Адзiны ратунак. Сьвежае паветра, можа пры працы якая лiшняя крошка хлеба ў рот трапiць. Усё-ж праца - дабраслоўлены Богам занятак.

З жахам прыгадваў, што магло стацца. Яшчэ адзiн дзень, яшчэ тая жахлiвая камэра, дзе з ложка ўжо ледзь мог падняцца. У галаве шматкаляровыя кругi. Насела на яго кароста. З рук перакiнулася ў рот, амаль залажыла яго. Ня мог таго сьцiплага кавалачка хлеба сажваць i праглынуць. Адно, - i гэта зь вялiкiм болем, - ледзь удавалася тую жыжку, што называлi супам, у рот улiць. I так дзён пяць, сем, - пасьля страцiўся лiк, - без харчоў. Далi сьмярдзючую мазь Вiлькiнсона. Намазаўся. Колькi раз прасiўся да лекара, усё абяцалi. Зьняможаны, згаладалы, ляжаў на ложку, сам у камэры, ня мог устаць. Прыйшоў новы сьвет: канчальная нямогласьць, сiлы таялi. Слабасьць узяла ў свае абдымкi. I была яшчэ воля жыць, але ня было сiлы. Праз заложаны каростай рот цяжка было дыхаць. Усьведамленьне гаварыла, што прыходзiць канец. I дзiва дзiваў! Як лёгка памерцi. Цела ўжо здалося. Трэба адно нiчога не рабiць, зусiм не намагацца, ня перашкаджаць таму няўхiльнаму працэсу, якi прывядзе да сьмерцi. I яшчэ адно: зусiм нiчога ня думаць. Аддаць сябе ў рукi Богу. Ён, пэўне-ж, вызначыў Януку свой шлях, а воля Ягоная - гэта пачатак i канец.