Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 189

К Акула

Але ў зусiм аслабленым, схудзелым целе ня спыняў сваей дзейнасьцi ягоны загадчык - заўсёды няўтомны й вытрывалы й заўсёды актыўны мозг. I гэты загадчык цягнуў Янука да жыцьця. Уяўленьнем вёў яго да родных гоняў, туды, дзе буйнее шматгранная прырода, дзе як сымбаль няўмiручасьцi стаiць на сугры Гараваткi гiгант Архiп; у кусты, дзе салаўi вяжуць цудоўнай прыродзе свае хаваласьпевы, дзе сьпяваюць жнейкi, у вабдымкi каханай дзяўчыны, у муры вiленскай гiмназii, у пабожную грамаду перад Вострай Брамай. I блукаў зьняможаны юнак па ўсiх месцах роднае зямлi, дзе спазнаў соладзь i горыч жыцьця, якое вось адно ўзялося, каб расьцьвiсьцi, каб завязацца пасьля нейкай асаблiвай завязьзю.

А была перад iм шэрая, патрэсканая, цёмная сьцяна й слабасьць. Калi намагаўся ўставаць, напружваў апошнiя сiлы. Галава важыла некалькi тонаў. Цьмянае сьвятло й чырвоныя, сiнiя, жоўтыя, шэрыя, зялёныя кругi ў галаве. Ох Госпадзе, колькi людзей спазнала, якая цяжкая можа быць галава! Яшчэ дзень, яшчэ вось няшмат часу так паляжаць, капiтуляваць, нiчога не рабiць... Сiлы таялi, быццам воск. Дзесьцi коцiшся ўнiз па пахiлай, а можа й стоць падаеш. I ведаеш, што ўжо ня будзе супыну аж пакуль ахутае цябе поўная й вечная цемра. А пасьля труп твой выкiнуць у нейкую агульную ямiну.

Ратунак прыйшоў зусiм неспадзявана. А iм сталася Янукова чарга ў лазьню. Ледзь давалачыўся. Нехта памог. Нехта вытлумачыў, што кароста баiцца чысьцiнi, што пасьля мазi Вiлькiнсона трэба добра выпарыцца, вымачыцца. I зiрнi: вунь за пару дзён пасьля лазьнi кароста пачала раптоўна зьнiкаць, шырэй адчынiўся рот. Аздараўленьне аслабленага цела йшло паволi, але кульмiнацыйны крок зроблены, працэс дужаньня пачаўся.

Неякi тыдзень пасьля тэй лазьнi Янука паведамiлi, што суд пакараў яго на чатыры месяцы вязьнiцы за нелегальны праезд чыгункай. Гэткае паведамленьне пачуў у канцылярыi вязьнiцы. Сухi ўраднiцкi язык сказаў яму пра суд, але адмовiўся паiнфармаваць Янука дзе й калi той суд адбыўся й чаму яго, Янука, на суд не паклiкалi. Калi загадалi вяртацца ў камэру, Бахмач паслухмяна паплёўся за вартавым. Чатыры месяцы! I за што? За праезд чыгункай. Усё-ж адкрылася нейкая шчылiна, прадушына, вiдаць быў наперадзе нейкi рубеж. Ужо падарозе ў камэру Янук аблiчыў, што калi нiчога ня стане ўпоперак дарогi, то павiнен апынуцца на волi 24-га сакавiка.