Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 185

К Акула

- Ты, Максiм, дзяржыся кута. Я буду тут напроцi дзьвярэй. Калi яны акружаць лазьню, цяжэй будзiць iх узяць. Адным словам, глядзi на мяне й нi зявай. Кумекаеш?

- Кумекаю.

Самi ў шэрых бурках, пэўныя, што калi-б i сачыла здалёку пiльнае вока дык цяжка iх убачыць, хутка кульнулiся празь дзьверы ў сьнег i папаўзьлi ў алешнiк. Замянiўшыся цяпер у максымальную пiльнасьць, Антось лёг на жываце за здаравенным, што выставаў з гурбы сьнегу, каранём вольхi. Максiм пайшоў направа ад яго i крокаў пятнаццаць воддаль прытаiўся за камлямi й галiнамi густых вольхаў.

Чакаць давялося нядоўга. Антось пасьля зьдзiвiўся, як мог так правiльна ўсё разьлiчыць. Ажно павертыць цяжка было. Тройка паказалася зь кiрунку тае самае суседкi, якой Максiм пра "гасьця" пад "сакрэтам" расказаў. Прыгнуўшыся валюхалiся па сьнезе. Упоцемку ў меру iх прыблiжэньня, можна было iх разгледзець адно з большага. Адзiн зь iх, цi не правадыр, у нечым наводля фуфайкi, трымаў правай рукой наперавес праз плячо аўтамат, iншыя - стрэльбы. Намагаючыся разгадаць iх i iхную тактыку лiквiдацыi гаспадара й "госьця", Антось яшчэ раз праверыў сваю зброю - нож, наган i гранаты. Ён зiрнуў туды, дзе скрыўся Максiм. Нiчога, што паказвала-б там на прысутнасьць чалавека, ня вiдаць было.

Трапiўшы на ўтоптаную Баравiком сьцежку, людзi цяпер яшчэ больш прыгнулiся. Прыблiжалiся борздым крокам. Ужо можна было iх добра разгледзець, але Антося цяпер перасталi цiкавiць твары. Чалавек з аўтаматам махнуў аднаму спадарожнiку рукой i той падаўся наперад, да кута лазьнi, блiжэй да засеўшага там Баравiка. Апошнiя два станулi па двух бакох дзьвярэй, прыслухоўвалiся. Паволi, аж занадта паволi цяклi часiны. Антось ведаў, што ад наступнага iхнага кроку шмат залежыць. Калi-б меў з сабой ручны кулямёт, мог-бы й цяпер пачынаць. Скажам, вось хоць-бы й такi, як гэны бандыт мае. Запраўды, цi не нямецкi, трафейны гэта? Антось ацанiў свае й Баравiковы шансы на перамогу: вельмi малыя. А гэтыя, пiльна наставiўшы вушы, прыслухоўвалiся. I маўчалi. Баялiся, вiдаць, каб iх не пачулi. Усё залежала ад iх наступнага кроку. I важна яшчэ тое, што зробiць Максiм, калi трэба змагацца.

Чалавек з аўтаматам насамперш, а пасьля ягоны спадарожнiк прыселi перад парогам у лазьню й першы паказаў другому кiўком галавы ў сярэдзiну. Той мiгам, адчынiўшы дзьверы, кульнуўся пераз парог. Чалавек з аўтаматам зiрнуў навокал, - цяпер Антось мог лепш разгледзець ягоны аброслы чорнай шчацiнай, шырокi твар, - паказаў таму трэцяму, апiсаўшы рукой паўкольле ў паветры, каб, мусiць, сачыў за ўсiм навокал i сам перакулiўся праз парог. Антось наўмысна зачынiў на клямку дзьверы зь сенцаў у лазьню, каб, ведама, пара не ўцякала, дый магчыма прадугледзеў тое, што цяпер адбывалася. Ведаў, што неўзабаве трэба пачынаць, пакуль тыя, асьцярожныя, паслухаюць, а пасьля агледзяцца, што ў лазьнi нiкога няма. Трэба было мяркаваць, што гранатамi яны не пачнуць раськiдацца, бо, пэўне-ж, ня маюць iх уволю, дык аставалася iншая магчымасьць. Трэба было неадкладна дзеяць.