Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 183

К Акула

Ён паправiў рукавiцы, пагладзiў стрэльбу. Вецер дзьмухаў з захаду, а перад iмi, у начоўках упоцемку спала вёска Лiтоўцы. Антось часта паглядаў на нявыразныя зарысы свае хаты й пунi, думаў пра тое, што Нiна й Дуня соладка храпуць у цёплай пасьцелi. Там, замiж Дунi, трэба было-б яму быць.

Дзяркач ведаў, што больш надзейнага сябры, чымся Максiм Баравiк, яму не знайсьцi. Калi, з дазволу Левандоўскага, выбiраўся "на паляваньне", заўсёды жадаў мець з сабой гэтага малагаманлiвага, але шустрага й вынаходлiвага жаўнера. Гэта-ж у ягонай лазьнi ў Ластавiчах аж трох бандзюгаў накрылi. Не дарма-ж бандыты ваўкамi iх празвалi. Гэты Антосеў нямецкi шмайсар як трафей яму тады ў Ластавiчах дастаўся. Бандыты некалi здабылi яго ў Немцаў, а ён, Антось Дзяркач, захапiў у iх. Палявалi тады на яго, "фашысцкага ваўка", а Антось з Максiмам аж трох упалявалi.

Ластавiчы ляжалi непадалёк чыгункi, на ўсход ад Лiтоўцаў, i вёску ўжо некалькi разоў абчышчалi бандыты, хоць гацкiя "бобiкi" лiчылi яе сваей тэрыторыяй. Пасьля жнiвеньскага нападу на Гацi й вынiшчэньня ў палiцыi польскага элемэнту, апошняя, галоўна дзякуючы стараньням Кастуся Падгайскага, папоўнiлася Беларусамi. Хаця iнтрыгi з боку Палякаў ня спынялiся, фальксдойч Левандоўскi адносiўся да Беларусаў талерантна й здавалася, што ў нябыт адыйшоў той час, калi рукамi сваiх басякоў i Немцаў польскiя шавiнiсты лiквiдавалi мясцовых, найбольш нявыгадных iм Беларусаў. Пранырлiвасьць i практыка, добрае веданьне людзей i ваколiцы прынесьлi Антосю ў ягонай службе выдатныя плёны. Адылi ён i далей ня спыняў пошукi добрых людзей для папаўненьня адзьдзелу.

Максiма Баравiка пазнаў у бальшавiцкай калёне вязьняў. Баравiкову жонку энкавэдысты замардавалi, а сам ён неяк выратаваўся. Вярнуўшыся да хаты, бязьдзетны, як цень бэрсаўся каля зруйнаванай гаспадаркi, за зброю брацца не сьпяшыў, але ня бачыў перад сабой нiякае будучынi. I што будзе, калi вернуцца тыя? Пагоняць туды, адкуль раз удалося, дзякуй Богу, уцячы. Дык што рабiць? Маўклiвы й зацяты, цяпер бязрадна прыглядаўся, як бандыты начамi вылазiлi зь лесу й забiралi ў людзей апошнi хлеб. Колькi разоў сьвярбелi рукi каб якую сякеру схапiць. А там будзе, што быць мае...

Прыпадкова сустрэўшы ў Гацях Антося, у скупых словах пераказаў, што на сэрцы накiпела.

- Як-бы гэта, каб з табой разам?

Антось задумаўся. Набiраць людзей у палiцыю перасталi, вiдаць, аж да новых стратаў.

- Ты знаеш што? - казаў ён Максiму. - Я маю такi плян... Калi нам гэта ўдасца, дык Левандоўскi й Немцы нiдзе нi дзенуцца, возьмуць цябе. У вас часта гэтыя басякi зь лесу бываюць?

- Часьценька.

Антось у агульных рысах пераказаў Максiму свае намеры.

Гэтак неўзабаве пасьля гэтага, калi Максiм двума вёдрамi на каромыслах насiў ваду ў лазьню, адазвалася цiкавая суседка:

- А чаму-ж ты, Максiмка, лазьню тапiць надумаўся? Што гэта, якое вялiкае сьвята, цi што?

- А чаму-ж i не, Настачка? Ды я-б можа й нi рабiў, сама знаiш, адно пiрад сьвятам, алi-ж госьць папрасiў.

- Дык у цябе й госьць маiць быць?

- А як-жа...