Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 184

К Акула

- А хто-ж такi, калi можна ведаць?

- Ну Настачка, скажы табе дык ты па ўсей вёсцы разьнясеш-раструбiш.

- Ды што ты, што ты, Максiмка, нiкому я нi скажу, вер мне.

- Нiкому анi гу-гу?

- Дальбог, каб я з гэтага месца нi сыйшла, от бажуся.

Баравiк, ведама-ж, "пад вялiкiм сакрэтам", назваў прозьвiшча свайго гасьця й яшчэ раз прасiў Настачку, каб нiкому нi казала. Цяпер быў упэўнены, што жанчына вестку неадкладна па языках пусьцiць. А лес мае свае вушы.

Антосю давялося нялёгка, пакуль пераканаў Левандоўскага. Той ар'ентаваўся ў ваколiцы куды Дзяркач выбiраўся, яму даўно карцiла пастрашыць там бандытаў, паказаць i Немцам, што ён ня страцiў iнiцыятывы. Усё-ж ён ня бачыў нiякага сэнсу высылаць туды аднаго чалавека й намаўляў Антося, каб узяў з сабой пару памочнiкаў. Калi-ж той тлумачыў, што знайдзе мясцовую помач, камандант махнуў рукой:

- Едзь! Калi правалiшся, мяне ня вiнаваць.

Далёка да зьмярканьня, пад'яжджаючы ў развалках да Ластавiчаў, апрануты ў цывiльнае, Дзяркач трымаў зыркае вока на кажным прыдарожным аб'екце. Што, калi засаду зробяць? Антось даўно перастаў баяцца й турбавацца. Пасьля таго, што перажыў i перад тым, што мела надыйсьцi, - а ўжо добра вiдаць было ў якi бок хiлiлася вайна, - чаго там многа разважаць... Абыякавасьць брала сваё, хоць рэзагнацыя ў змаганьнi яшчэ не наступiла й далёка-далёка было да апатыi. Дзяркач нiчога iз свайго духоўнага стану, вiдаць, не патрапiў-бы вытлуначыць, як казаў, моднымi словамi. Думаў простымi катэгорыямi. А цяпер галоўнае, каб не зрабiлi засады. Пакуль ён iх, каб не яны яго. Чамусьцi быў упэўнены, што працiўнiка разгадаў.

Пакуль не разрабавалi яе "вызвольнiкi" дый самога ледзь не замардавалi, гаспадарка Максiма Баравiка была аднэй зь лепшых у вёсцы. Хата, iншыя будынкi - на зайздрасьць суседзям. А зухаватая з выгляду лазьня, собскiмi Максiмавымi рукамi пабудаваная, вясёла вызiрала з грамады вольхаў на аселiцы, воддаль ад хаты.

Ужо зусiм цямнела, калi мужчыны, у бурках, з ручнiкамi й бялiзнай пад пахамi, паволi накiравалiся ў лазьню. У сенцах запалiлi лiхтар. Антось павесiў на круку на сьцяне асобна прынесены палiцыйны мундзiр, шапку. У куце на лаву палажылi бялiзну, на падлогу паставiлi захоплены Максiмам стары абутак. Каб усё выглядала, што людзi распранулiся й пайшлi хвастацца-парыцца. Антось даў Максiму стрэльбу, якую той узяўся заладоўваць, а сам выцягнуў зь кiшэнi буркi дзьве гранаты, а з запазухi нож, якому прыгледзеўся зь пяшчотай, пагладзiў лязо. Адчынiлi дзьверы ў лазьню й Максiм лiнуў на каменную печ пару чарпакоў вады. Пара бухнула ўверх пад столь i ўдарыла ў твары сяброў.

- А знаеш, тады добра было-б папарыцца. Як думаеш? - сказаў Максiм.

- Мусiць нам болi ня прыйдзецца ў тваей лазьнi.

Спад страхi на двор. з сыкам ад нагрэтых каменьняў, валiлi клубы пары. Максiм паставiў лiхтар у лазьнi на лаве. Мужчыны вызiрнулi на двор праз прыадчыненыя дзьверы. Дзесьцi брахалi сабакi. У некаторых хатах млявым сьвятлом замагалiся зь цемрай каганцы. Вёска прытаiлася, устрымала дыханьне, чакала. I Антось меў ураджаньне, што сочаць iх дзясяткi вачэй.