Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 167

К Акула

Калi Янук вярнуўся дадому, задаволена зiрнуў на бацьку, але адразу вымяркаваў, што нешта дрэннае сталася.

- Што такое, тата?

Бацька адказаў не адразу. У яго дрыжэла нiжняя вусьнiна.

- Ты-ж падумай, сынок, што за зладзюгi! Забралi здыхляка й Мiколу. Ну й навошта iм два калекi?

- Iз возам?

- Няўжо-ж...

- Дык што на воз нагрузiлi?

- Ды нiхай iх трасца, нiхай яны тым падавяцца. Нагрузiлi што награбiлi.

- Людзi, мусiць, конi пахавалi, дык нашага, нядошлага, забралi.

- Алi што зь iх, з двух калекаў.

- Нi пацягнiць, дык прыстрэляць. А куды яны паехалi?

- У Гаравацкую пушчу. Няўжо-ж яны на гэтых бандытаў?

На падходах да Докшыцаў, у лясной паласе, што была пад кантроляй "начных уладаў", якiя гэтта панавалi i ўдзень, адбылося злучэньне "цыганоў" Гiль-Радыёнава з бальшавiцкiмi бандамi Жалязьняка. I наступнага дня ранiцай яны заатакавалi Докшыцы. Калi выразiцца дакладней, гэта ня была нiякая атака, а паглынаньне малога й слаба ўмацаванага раённага мястэчка вялiкiмi масамi зьдзiчэлых людзей, што нарэшце набралiся адвагi, каб вырвацца зь лесу. Докшыцкi гарнiзон палiцыi й Немцаў доўга ня вытрымаў цiску навалы й мала каму зь iх пашанцавала выратавацца. У гэны дзень пачынаючы ад старшынi раёну Пархвяновiча й школьнага iнспэктара Ворана, загiнула ўся беларуская адмiнiстрацыя. Зьдзiчэлая "армiя", пасьля лiквiдацыi ўраднiкаў, налётам рабавала ўсiх мясцовых жыхароў. Хто супрацiўляўся, таму прыпiсвалася супрацоўнiцтва з фашыстамi. Тут-жа й кара.

Пасьля захопу Докшыцаў, гэтае "гэройскае" войска накiравалася ў Гацi. Падарозе нагала абчысьцiлi колькi вёсак, моладзь забiралi "на службу", зь якой бальшынi ня было паваротнага шляху. Гэтым разам нешчасьлiвыя сяляне, што крыху абжылiся пад нямецкай акупацыяй, ня ведалi куды хаваць хатнi статак цi якое iншае дабро, куды самiм ад гэтае навалы скрыцца. У лес не ўцячэш: там-жа яны, а ў горад, ведама, ня пойдзеш.

На Гацi напалi ранiцай каля гадзiны дзявятае, ад вёскi Бабiчы, што прылягала да мястэчка з паўдня па дарозе з Докшыц. Гэнае ранiцы Янук Бахмач араў папар. Калi пачулiся стрэлы й шугануў дым зь першага пажару, ён спынiў кабылу, абапёрся на поручнi плуга. Зьдзiўлены, прыглядаўся пажару й чуў страляньне, ня ведаючы як гэта вытлумачыць. Думка прыйшла сама сабой: цi ня тыя зь лесу спрабавалi свае мускулы. А зь iмi, пэўне, i гэтыя "цыганы", што кагадзе Лiтоўцы абчысьцiлi. I адразу-ж згадаў брата Мiколу. Дзесьцi мiж тае масы "цыганоў", напэўна галодны, зьняможаны, брат Мiкола й недалужны конь. Два калекi. Што зрабiў-бы ён, Янук, апынуўшыся разам з гэтай бандай на бальшавiцкiм баку? Цяжка сказаць.

Стралянiна мацнела, цяпер чуваць было й цяжэйшыя выбухi. I тады, зьбянтэжаны гэтай нечаканай вайной, Янук зiрнуў на вёску. Людзi беглi на Гараватку, бо адтуль можна было бачыць некаторыя аб'екты станцыi. Стараючыся адагнаць аваднёў, кабыла заядла махала хвастом, тэпала ў гужох, павярнула налева галаву й быццам зьдзiўлена пазiрала на юнака пры ручках плуга. А Янук назiраў, што рабiлася на лiтоўскiм полi. Некаторыя людзi, перапалохаўшыся, беглi ў вёску, гналi з сабой статак. А стралянiна ўзрастала. Над станцыяй ужо ў многiх мясцох клубiўся чорна-блакiтны дым. Прыпякала сонца й лёгкi вецер нахiлам нёс дым у паўночны бок. Крыху падумаўшы, Янук выпраг кабылу, асядлаў яе, спацелую, i трушком паехаў дахаты. Пры весьнiчках сустрэў яго бацька.