Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 169

К Акула

У паветры пачуўся сьвiст куляў. Хто мог сюды страляць? Цi хто зь лесу, або з дарогi? Людзi ўстрывожылiся. Нiкога нiдзе ня вiдаць. Калi-б гацкаму гарнiзону мела надыйсьцi помач, дык хiба з другога боку, адтуль з Глыбокага. I запраўды, ужо далёка за поўдзень з Глыбокага пасьпяшылi панцырныя машыны. Дзякуючы iм ды сьвежаму войску цэнтр акцыi ў Гацях пачаў паступова аддаляцца ў той бок, адкуль пачаўся, значыцца ў раён Бабiчоў. Над вечар бой скончыўся, людзi ўзялiся гасiць пажары.

Назаўтра ранiцай некаторыя лiтоўскiя, у iх лiку Янук i Антось, пасьпяшылi ў мястэчка. Па вулiцах ляжалi пабiтыя конi, трупы людзей. Антось i Янук iшлi памалу, разглядалiся. Воддаль пабачылi групу людзей, што пад наглядам Немцаў сьцягвалi хлам. У паветры яшчэ стаяў смурод гару, паленага мяса.

- Глядзi, каб нас да такой работы нi забралi, - перасьцярог Антося Янук.

- Ты праўду кажаш, - згадзiўся Антось. - Давай лепi ля гародаў пойдзiм.

- А куды гэта?

- Да Падгайскага.

Здавалася, што Антось добра ведаў усе сьцежкi паўз агароды. Наўмысна пайшлi з паўночнага боку, бо калi-б стаялi вайсковыя нагляды, дык хiба-ж з паўдня. Адсюль вiдаць былi абгарэлыя сьцены чыгуначнае майстроўнi, а за ёй у вадлегласьцi тарчэлi два комiны й сьцены калiшняе школы. У тым раёне згарэла некалькi хатаў. Найбольшы рух адбываўся на чыгунцы, патрэбнай для забясьпечаньня галоўнага ўсходняга фронту. Спаленыя вагоны сьцягвалi на бочныя шляхi. Гоман, стук лязгат. Перад сьветафорамi нецярплiва пыхцелi цягнiкi.

Падгайскага ў дварэ знайшлi. Ён гаварыў да дзядзькi з запрэжанай каляскай, на якой сядзела жанчына й стаялi кошыкi.

- Едзьце на памiдоры й пачынайце зьбiраць ад чыгункi. Тамака вышэй дык сьпялейшыя. А чаму Юхневiчаў няма?

- Казаў, што iз бабай посьля прыйдзiць. Учорака бандзiты чаго швагру нi закатавалi, дык ён у яго...

Падгайскi пабачыў лiтоўскiх. Змораны аграномаў твар распрамянiўся i ён хутка сказаў селянiну: - Ну дык едзьце.

- Антось, Янук, як я рад вас вiдзiць.

Прывiталiся, мацней чым звычайна, сьцiскаючы рукi.

- Добра, што прыйшлi, хоць i час ня той, знаiця... Прысядзьце.

Селi на лаўцы пад кустамi бэзу.

- Дык апавядай, - сказаў Антось.

- Быў у мястэчку, цi полем iшоў? - спытаў Падгайскi.

- Быў i ня быў, iшлi ля агародаў, - адказаў Антось.

- Дык вось, як я мяркую, хацелася бандытам узяць вакзал, але замiж, каб проста ўдарыць па iм з другога боку чыгункi, дык яны прыйшлi гэтта праз Бабiчы, разьбiлi школу, пасьял дэпо й на палiцыю напалi. Я чуў ужо ад свайго чалавека, што тамака многа палiцыi пабiлi. I знаеш, нямнога iм аставалася, каб на вакзал прарвацца i цалкам станцыю зьнiшчыць. Але-ж, ведаеш, як мне расказвалi, iдуць кучай, многа зь iх п'яных. Дык Немцы зайшлi iм з двух бакоў ды як упсяюрылi зь мiнамётаў, от-жа налажылi iх, як гною. Усiроўна, мусiць, занялi-б яны тут i станцыю ўсю й вакзал, надта-ж многа iх было, проста цьма-цьмушчая... Але-ж з Глыбокага падасьпелi панцыры iзь сьвежым войскам, ды яшчо праездам стаяў гэтта эшалон гарматаў i танкаў, дык i тыя мяса налажылi.

Падгайскi спынiўся пасьля на разных цiкавых дэталях.