Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 165

К Акула

Гацi лiчылiся бясьпечнымi. Гэтта злучалiся тры чыгункi й заўсёды праяжджала многа войска. Тут працавалi нямецкiя чыгуначнiкi, работнiкi будаўнiчае арганiзацыi Тодта, гэтта ўрэшце быў i галоўны пункт нямецкiх адзьдзелаў, што ахоўвалi чыгункi. Слаба ўзброеная мясцовая дапаможная палiцыя iстотнай сiлай ня лiчылася.

Вярнуўшыся зь Вiльнi, у тое лета Янук Бахмач, як мага, пасабляў бацьку пры гаспадарцы. Помач была надта за руку хваравiтаму Пракопу Бахмачу, бо кульгавым Мiколам вельмi не паддапрэшся. Януку-ж ня трэба было казаць, што мае зарабiць на харчы на наступны год навукi. Жыцьцё ў вялiкiм горадзе дало Януку накшы погляд на цэннасьць працы ўдома. Хлапец падрос, уздужэў, жыцьцёвае практыкi набраўся й таму ўлетку стаўся галоўнай сiлай на гаспадарцы Пракопа Бахмача. Калi раней даводзiлася яго да працы падганяць, дык цяпер намагаўся бацьку наперад забегчы, вельмi рана ўставаў i позна клаўся спаць. Далёкая Вiльня навучыла яго цанiць хлеб i цешыўся з нагоды аддаць бацьку належнае за помач.

- Ты-б, сынок, - казаў бацька, - ня ехаў увосень назад у тую Вiльню. Нашто яна табе цяпер? Вiдзiш, вуньдзiка вайна, хто ведаiць што яшчо будзiць. Глядзi во Дуня вучыць у школе й добра, кажуць, рады сабе даець. Чаму-б i табе ня вучыць? Усё-ж заработак нейкi...

Бацькавы словы вялiкую вагу мелi. Дуня прынадай была. Тужыў па ёй хлапец. Як-жа было-б добра працаваць дзесьцi пабач яе. Ды ўсё-ж шкада было пакiдаць распачатую сярэднюю асьвету. Пры школе Дуня атрымала паўгактара зямлi. Апроч сьцiплае грашовае платы за працу, воласьць гэткiм чынам памагала настаўнiкам. Дунiну дзялку Макатуны засадзiлi гароднiнай i бульбай. А пасьля "навукi" Плясьневiчыхi, Дуня сталася мясцовай зоркай-настаўнiцай. Першы недавер да "жабоцькi" ў бацькоў вучняў хутка зьнiк i замянiўся пашанай яе.

Часта цяпер бачыўся з Дуняй Янук. Скупавата было часу на паэзiю, але юнацкая любоў трывала й мацнела. Вёска даўно абжылася з тым, што два новасьпечаных iнтэлiгенты трымалiся разам. Навет рыжавусы Захарук, кагадзе сустрэўшы Янука, ня вытрымаў:

- Iш ты, якi зь цябе дзяцюк, як за Макатунiшкай бегаеш! А цi забыўся ты, як некалi камшыў яе, га?

Тыя часы даўно-даўненька ў нябыт адыйшлi. Як нiхто iншы зь юнакоў у вёсцы, Янук дасьпяваў вельмi хутка. Падарожжа ў Менск, навука й нялёгкае жыцьцё ў далёкiм горадзе далi яму куды шырэйшую практыку, расшырылi гарызонт розуму. Пэўне-ж, нейкi там доктараў Сатась, цi Ўладзiк, цi кавалёў Лёнька яму цяпер раўнёй ня былi. Асаблiва пасьля настаўнiцкiх курсаў i Вiльнi нiхто ня сумляваўся, што Янук Бахмач ужо "ў людзi" пайшоў. Задаволены такой сваей новай пазыцыяй у вёсцы, дзе яшчэ некаторыя называлi яго паэтам, Янук спадазяваўся спакойна пражыць i плённа папрацаваць аж да першага школьнага дня. Але...

Навала нахлынула ранiцай. Гул пачуўся здалёку, ужо як чыгунку бальшаком пераяжджалi. Людзi ў зялёным, шмат наладаваных розным дабром хурманак, коньнiкi, пешыя. Час ад часу стрэлы ўверх, цi не для постраху. Цi гэта ўжо на раньнi каторыя панапiвалiся, або стралялi здуру. На некаторых вазох сядзелi "трафейныя" дзяўчаты. Зброя пераважна лёгкая, вiдаць былi й кулямёты. Шматлiкiя ваякi паабчэплiвалiся нямецкiмi гранатамi "балдавешкамi". Даўгая, здавалася, бясконцая калёна нечым нагадвала цыганскi абоз. Нехта жартам празваў iх цыганскiм войскам.