Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 166

К Акула

Завiталi... Не, хiба гэта неадпаведнае слова. Уварвалiся ў Лiтоўцы з бальшака й пакуль сяляне вымяркавалi хто, што й чаго, навала пачала распаўзацца па хатах, сьвiранах, хлявох. Чулiся крыкi, лаянка, стралянiна. Людзi ў зялёным гаварылi парасейску i адразу пачалi шукаць нажывы. Вiдаць, што мелi ў гэтым набiтыя рукi, бо ведалi ў якiя куткi заглядаць. Ламалi дзьверы, страляньнем нiшчылi замкi. Вёска цi раз ужо рабавалася бальшавiцкiмi бандамi, рук тут надта не пагрэеш. Нойбольшы быў спрос на самагонку. Кмiтаваму Тодару давялося расстацца iз сваiм запасам. Не памаглi ягоныя праклёны й Аўдолiны заклiнаньнi. Другiм ходкiм таварам аказалiся конi й сяляне, хутка спанатрыўшы, хавалi iх у лесе.

Антось Дзяркач загадаў Нiне мiгам завесьцi каня ў балота, туды на Марылiн горб, а сам, што лепшае, як сала, хлеб, мяса, яйкi й масла схаваў у сваю нару, якую апошнiм часам ладна пашырыў i ўмацаваў. Ён-жа наказаў i бацьком, каб пахавалi харчы. Такiм чынам, калi тры "цыганы" прыйшлi да яго на двор, Антось стараўся спатолiць заядлага Ромку. Згорбiўшыся, казырок на лоб, сядзеў на прызьбе й гладзiў сабаку.

- Хадзяiн дома? - спытаўся старэйшы, з двумя паскамi на пагонах.

- Я хазяiн, - спакойна, прыглядаючыся яму, адказаў Антось.

- Лошадзь iмееш?

- Нiма.

- Как то на хадзяйстве i лошадзi ня iмееш?

- Учора парцiзаны забралi.

- Анi зьдзесь былi?

- Ага, былi. Паласавалiся.

"Ваяка" стаяў на нагах няроўна, але трымаўся зухавата. З кiшэнi портак тарчэла ручка нагана. Ягоныя сябры наперавес трымалi савецкiя стрэльбы.

- Что значыт паласавалiся?

- Значыць усю вёску абабралi.

"Ваякi" пераглянулiся.

- А водку iмееш? - пытаўся старэйшы.

- Ды не, нiма. Адкуль яе мець, тую водку.

- Будзем iскаць.

- Шукайце.

Аббегалi хату сьвiран, кладоўку й нiдзе не палакамiлiся нiчым.

- А ты пачаму нi ў парцiзанах? - спытаўся зноў старэйшы Антося.

- А чаму мне там быць? Вы-ж зь iмi ваюеце?

- Ну эта наша дзела.

Ромак вурчэў. Антось стрымлiваў сабаку. Адно адшпiлi яму зашчапку ад скуранага каўняра, адразу кiнецца на чалавека, саб'е яго з ног. Пры помачы Ромка мог-бы Антось iз трымя справiцца, але што будзе, калi iншыя налятуць? Лепш не.

Бацька загадаў Януку ўцякаць iз кабылай у лiпавiцкi лес.

- Не марудзь, жыва!

- А нашага здыхляка таксама забiраць?

- Якому чорту ён трэба? Жыва, уцякай!

Янука не давялося спанукаць. "Здыхляком" называлi недалужнага каня, якога зацяганая й зьняможаная кабыла перадчасна прывяла на сьвет незадоўга пасьля вывазу лесу "па трыццаць кубаметраў ад лошадзi". Конь i еў неахвотна, рос худы, ледзь валюхаўся з нагi на нагу. Калi хто стараўся падганяць яго да працы, пазiраў на яго крыўднымi вачмi. I запраўды жаль яго, недалужнага, было.

Янук з кабылай прабыў у калiшнiм панскiм ляску, на самым краю яго, можа пару гадзiнаў, назiраючы што ў вёсцы робiцца. Гэтак, як ён, апынуўся тут i Стась доктараў iз бацькавым канём. Стась малоў усякую нясуладзiцу, якую Януку надакучыла слухаць. Таксама тут-жа, у лiку некаторых iншых гаспадароў, апынуўся й сам солтыс Паўлоўскi з канём. Лясок гэты ляжаў з боку вёскi супрацьлеглага ад бальшаку, таму людзi мелi час уцячы сюды з коньмi.