Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 161

К Акула

Часовая адукацыя, часовая пасьветка, часовая праца. Не знайшлi навет часу расказаць, - што асаблiва важна вайною, - як гэтыя юнакi мелi ўжыцца ў мясцовае асяродзьдзе. I Дуня ня ўжылася. Нельга сказаць, каб не старалася. У гаспадынi, дзе кватэравала, была дачка Антанiна. Гадоў каля дваццацi пяцi, сьцiплая цiхоня, у сябе замкнутая, такая, што й на вясковым iгрышчы ў ценi трымаецца, дзесьцi ў кут зашываецца, якую да танцаў намаганьнем за руку цягнуць трэба.

I пайшла зь ёй Дуня аднойчы, перад каляднымi запустамi, на вясковую вечарыну. Моладзь для Дунi незнаёмая. Спасьцярогшы маладзенькую, прыгожую "жабоцку вучыцельку", дзяцюкi ня ведалi як да яе падыйсьцi. Нарэшце адважыўся здаравяка Яўхiм. Дзяўчына пасьля даведалася, што зь нямецкага палону ўцёк, а пасьля бальшавiцкiя банды яго паглынулi.

- Хадзi, панi, на покуць, - сказаў дзяцюк загадным голасам i, не чакаючы Дунiнай згоды, узяў яе за руку ды пасадзiў амаль побач з кучаравага, сярэднiх гадоў, дзядзькi, што пiлiкаў на трохрадцы. Неўзабаве стаяў Яўхiм перад Дуняй, якая намагалася ажывiць пасаджаную побач Антанiну, што зусiм нiякавата чулася напокуцi.

- Хадзi, вучыцелька, танцаваць.

Пасьля такога запрашэньня, пакуль Дуня наважылася як на яго рэагаваць, здаравяка Яўхiм лiтаральна падняў яе на ногi. Iгрышча ня розьнiлася ад падобных у хаце Кмiтавага Тодара ў Лiтоўцах, адно твары навокал iншыя былi. Дуня ня ведала, як захоўвацца мiж гэтых людзей, што пачалi зь ёй адразу на "ты".

Палажэньне "жабы", як яе дзябёлая Ганна ахрысьцiла, было няпростае. У Беларусi настаўнiкi былi некалi паважанымi аўтарытэтамi, хаця й гаварылi мовай акупанта, палянiзавалi цi русыфiкавалi народ. Навет з дозай казённага яду, настаўнiк усё-ж вёў дзетак "у людзi", недзе ў сьвет лепшага жыцьця. I калi ведамае "бацька бяз школы араў i ты будзеш араць" яшчэ ня выкаранiлася, дык спадзявалiся, што школа можа адчынiць дзьверы ў лепшы сьвет, дзе для пражыцьця не абавязкова араць. Настаўнiк быў мясцовым аўтарытэтам, што не абавязкова за пару яек цi якую скварку мог параiць людзям як далезьцi ў шырэйшы, мудрэйшы й лепшы сьвет ды па якiх ступеньках пачынаць. Настаўнiк меў нейкi арэол мудрасьцi, навет улады. Дзiва няма, што так званыя вясковыя iнтэлiгэнты, часта духовыя дзiкуны з вонкавай палiтурай, - "культурныя людзi", гарнулiся да настаўнiка, намагалiся трымаць зь iм кантакт, ацiрацца каля "культурнага чалавека".