Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 160

К Акула

Неўзабаве спраўдзiлiся найгоршыя Дунiны прадчуваньнi. Капышынскi пра школу ня дбаў. У кампанii зь мясцовым гуртам падобных, як сам, дзядзькоў вудзiў сiвуху, часта пазьнiўся на лекцыi. Дуня мусiла зьбiраць разам усе чатыры клясы i, ня могучы даць рады, бралася нешта чытаць цi апавядаць зь гiсторыi. Мяшок бульбы з чырвоным носам паказваўся на якiя дзьве гадзiны пазьней, лыпаў зялёнымi асмужанымi вачмi й на Дунiны пратэсты адказваў аднэй, - дзе гэта ён яе выкапаў? - мудрасьцю. Браў сьмешную позу: кароценькiя ножкi, да мяшка бульбы прывязаныя, адна-адзiная памятая сiвая сьвiтка, сiняя расшпiленая кашуля. Цень нейкае iмглы паглынае зеленкаватыя вочы. Руды, абсмалены самасейкай, тоўсты ўказальны палец, падняты ўверх. I ўрачысты, хрыплы голас:

- Панi... ках-ках! Спа-да-рыч-ня Макатунова непотшэбне се мартвi. Я вам скажу адну харошанькую, да, харошанькую мудрасьць.

Пасьля такога трыюмфальнага ўступу хрыплы, прапiты голас зьнiжаўся прынамсi на адну ноту i ўрачыста абвяшчаў:

- Яшчэ нiгды, нiколi на гэтым сьвеце ня было, жэбы нiяк ня было. Заўшэ неяк будзiць. Ха-ха-ках-ках! Праўда.

Пачуўшы такое першы раз, Дуня разрагаталася. Запраўды ў гэных словах вялiкая мудрасьць была. Але хрыплы мяшок бульбы паўтараў тое самае колькi разоў. I здаралася тое часта пасьля ягонага паругадзiнннага спазьненьня. Здэнэрваваная Дуня, праклiнаючы яго, бегла ў канцылярыю. А гэтта сустракала дырэктара, якi ўсьмiхаўся, рабiў ведамую позу й паднiмаў уверх пульхны палец.

- Ведаю, ведаю, спадар дырэктар, - забягала яму наперад Дуня выкрыўляючы ўрачыстую позу. - Яшчэ нiколi так ня было, каб нiяк ня было. Заўсёдты неяк будзе.

- Браво! - рагатаў пан Капышынскi. - Маладзец. Заўшэ...

- Ня заўшэ, а заўсёды, - папраўляла яго Макатунiшка.

Аднойучы, спазьнiўшыся, як часта бывала, дырэктара паўтараў сваю мудрасьць. Азызлы твар прыблiзiўся да Дунi, а ў зялёных вачох на мiг успыхнула нейакя недагарэлая iскра юрлiвасьцi. З роту нясло гарам самагонкi. Бязь нiякага папярэджаньня, Капышынскi схапiў настаўнiцу за грудзi. Адскочыўшы крок назад, Дуня зь вялiкiм размахам ударыла яму па твары. Якраз у гэны момант адчынiлiся дзьверы й двое крыклiвых хлапчукоў беглi на нешта скардзiцца. У аднаго зь iх цякла носам кроў.

- Спадар настаў..., - пачаў крыўдны дзiцячы голас, але спынiўся, пабачыўшы як Дуня аплявушыла дырэктара. Зачырванеўшыся, Дуня выбегла з канцылярыi. У гэны вечар цэлая вёска апавядала, як "маладая вучыцелька сягоньнiка Капышынскага набiла".

Маладой настаўнiцы вiдаць было ясна, што ў гэтай вёсцы ёй будучынi няма. Апроч клопатаў з дырэктарам, назаляла яшчэ й тое, што ня мела кантакту зь мясцовай моладзяй. На настаўнiцкiх курсах навет выдатны пэдагог Васько, што выкладаў мэтодыку, ня мог прысьвяцiць, магчыма ў праграме ня было, часу зусiм неабходнай праблеме: як малады настаўнiк мае захавацца ў новым асяродзьдзi, як ужыцца ў яго. Таму, што настаўнiкамi станавiлiся пераважна юнакi i юначкi, зялёненькiя ў жыцьцi, амаль бязь нiякае жыцьцёвае практыкi, а некаторыя зь iх маглi быць тымi першымi аладкамi, што ўдаюцца комам, настаўнiцкiя курсы мусiлi-б зьвярнуць увагу на прыстасаваньне новых настаўнiкаў да чужых асяродзьдзяў. Час дыктаваў усё: i некамплектнасьць настаўнiцкае асьветы, якую давалi шасьцiмесячныя курсы, i жыцьцёвую непадрыхтаванасьць, зялёнасьць маладых настаўнiкаў. Навет на пасьветках, што выдаў "Шульвэзэ, Камiсарыят дэр Глебоке", а падпiсаў побач нейкага нямецкага ўрадаўца i дырэктар курсаў, нейкi русафiл Субботин, было ясна сказана, што пасьветка дае права часовага навучаньня ў першых чатырох клясах пачатковых школаў i што пасьля нейкага вызначанага пэрыяду вымагалася, для атрыманьня права далейшага навучаньня, здабыць грунтоўную настаўнiцкую адукацыю.