Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 159

К Акула

- Як, кажаш, слухаць будуць? А цi-ж мне ведаць? Чорт iх знаiць, дзе яны во такiх набралi. Ну алi-ж яна будзiць нi сама, а з гэтым нашым старым вучыцелем.

- Во як.., - дзiвiлася далей Ганна. - Дык i гэны стары п'янiца будзiць вучыць. Ну, калi так... А адкуль-жа яна сама, нi пыталася?

- Пыталася. Зь Лiтоўцаў, кажыць.

- Гэта з тых, што ля Гацяў?

- Ага, Ганна, зь iх самых, казала.

Хто ведае, якую яшчэ ацэнку далi-б ей Кацярына з Ганнай, калi-б Дуня, усьмiхаючыся да жанчын, не паказалася на сьцежцы. Дзябёлая Ганна адчынiла рот, каб яшчэ нешта сказаць, але першая спасьцерагла "жабоцьку" й папярэдзiла Кацярыну.

"Старым вучыцелем", якога згадалi жанчыны, аказаўся лысы, з прышчамi на твары, кароценькiмi нагамi й чырвоным, наводля бульбiны носам Мiхал Капышынскi. Стары польскi настаўнiк, дырэктар Бярозаўскай чатырохклясавай пачатковай школы, Дунiн шэф. Першая, сухая гутарка зь iм не належала да прыемных. Гэты стары i, як пасьля даведалася Макатунiшка, бязьдзетны ўдавец, п'янiца, гаварыў паволi, з хрыпам. У гутарцы пракiдвалася польская мова.

- Сама панi кажаш, iле лят..., значы сколька гадоў маеш?

Ягоная зялёныя, глыбока ўпаўшыя, на азызлым твары вочы абмацвалi, распраналi Дуню. Ёй стала вельмi нявыгадна быць з гэтым чалавекам у занядбанай канцылярыi. Крутнулася на цьвёрдым, абдзёртым драўляным крэсьле, зiрнула на шэрыя голыя сьцены, што даўно за вапнай тужылi.

- Прабачце, - змусiла сябе ўсьмiхнуцца Дуня, - я нiякая ня панi.

- А як вас называць?

- Спадарычня.

- Спа-да-рыч-ня..., спа-да-рыч-ня. Ладнэ слова. Новае.

- Падругое, калi цiкавiцеся мною, можаце заглянуць у папку. Хiба-ж iнспэктар прыслаў?

- Ага, ага, прыслаў, а як-жа, - хрыпеў Капышынскi, а зялёныя вочы ўсё распраналi Дуню.

Гутарка пра праграму й распадзел прадметаў паказала, што гэты, з ласкi нязвычайных часоў, дырэктар, застаўся дзесьцi ззаду ў часе. Дуня падказала яму дзе што магла й хутка спанатрыла, што лепш ёй узяць беларусую мову, гiсторыю й геаграфiю Беларусi, каб хрыплы дырэктар дзяцей не калечыў. Дзядзька з радасьцi ледзь у руку Дунi не пацалаваў.

- Спадарычня... Так, спа-да-рыч-ня, - яшчэ раз разьбiў на склады новае для яго слова Капышынскi, - спадарычня Макатун, я думаю, - ках, ках! Прабачце, прастудзiўся, псякрэў, - я думаю, што мы добра будзем разам працаваць. Вы бярыце беларускi ензык i гiсторыю, бо, знаеце, чаго там крыцца, панi, - ках-ках, значыцца, спадарычня. Як повядам, чаго там крыцца, я сам гiсторыю Бялорусi добра нi знаю i прасiў iнспэктара Ворана, каб даў каго на гэты прадмет, а таксама не знаем бялорускего ензыка. Цяпер вiджу, што ён мяне паслухаў.

Дуня думала зь якой бачыны, якой аповесьцi i якога аўтара зьлез гэты чалавек. Анахранiзм, зжытае-аджытае, з парахном усярэдзiне. Пярхiкае, хрыпiць, а вочы, - ненасытныя вочы, душы здраднiкi, цешацца новай цацай, што перад iм расьселася. I думала яшчэ Дуня, чым матываваўся беларускi школьны апарат, вызначаючы вось такое парахно дырэктарам школы. Можа гэты самы Капышынскi, спалянiзаваны некалi шляхцюк, якi беднасьць, магчыма, прыкрываў нейкiм напышаным шляхоцкiм гонарам, можа вось гэты дзядзька ў думках i пасьмейваўся зь беларускай мовы, гiсторыi Беларусi, а можа й пляваў на iх. Калi яго далi дырэктарам школы, дык якое-ж тады мела быць становiшча з кадрамi? Дырэктар! Гэтаму ханжы, анахранiзму трэба было залезьцi ў нейкую шчылiну. Як яму даверылi ўзгадаваньне беларускiх дзетак? Што яны там наверсе падурэлi?