Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 163

К Акула

- Пачаткi. Плянавалi, будавалi, камбiнавалi, каб паўстала, вырасла, ажыло, як Фэнiкс з папялiшча. Пры немагчымасьцях, пры ўсiм запярэчаньнi жыцьця. Там, дзе прадказана тымi, што ўладу й сiлу маюць, што жыцьця тут не мае быць, толькi гвалтоўнае, наглае i камплетнае разбурэньне. А мы, - ох, Божа мой! - наўсуперак гэтаму рупiлiся пра родную зямельку, пра дзетак i пачалi сеяць зерне. Вас, маладых, нявыпрабаваных, як належыцца непадкованых i ненавучаных кiнулi, можна сказаць, на пярэднюю лiнiю. Адвага! Не, няправiльна. - Гэта - не адвага, то роспач. Выхаду ня было. Можа там, дзе спакайней, дзе ня стопчуць, можа будзе ўражай якi... Калi не заглушыць гiрса, асот. сьвiрэпка, пустазельле... А тут? Прапала. Ужо вiдаць, што наблiжаецца. Госпадзе мой, каб хоць пару гадкоў гэтыя злыднi далi. Цi-ж i гэтага мы нявартыя?

Дунi ўмiг стала ясна: i анахранiзм - мяшок бульбы, i тое, што сама галадала, i многа, шмат чаго iншага, дый навет i тое, чаму народ ня мог вытлумачыць узросту "жабоцькi-вучыцелькi". Гледзячы на iнспэктара Ворана, сьцiснулася ёй сэрца. Хацелася-б прыгарнуць яго к сабе блiзка-блiзка й сказаць зь пяшчотай, быццам бацьку: "Тата, ня трэба. Сядзь, даражэнькi, успакойся. Трэба верыць i змагацца. Мы маем сiлы, мы маладыя, мы яшчэ вырасьцем i паможам, пераможам".

Камяк у горле замiнаў дыханьню.

Воран скончыў гаварыць, стаяў перад вокном, задам да Макатунiшкi й глядзеў у нейкi пункт. А можа нiчога ня бачыў, цi ўяўляў папялiшчы ўжо там, дзе сяньня яшчэ чуваць звонкiя дзiцячыя галасы... Вакно, у якое глядзеў Воран, ня мела фiранак i даўно, мусiць, ня ведала дбайлiвае рукi гаспадынi. Iнспэктар памалу сеў, выцер чыстай насаткай твар i проста зiрнуў на Дуню.

- Едзь, дзяўчына, дадому. У вас там Плясьневiчыха дзетак калечыць. Ты на яе месца. Згода?

Голас з прыцiскам фiнальнасьцi, ледзь не загад, калi-б не апошняе слова. Дуня добра ведала Плясьневiчыху й нядрэнна ўяўляла як яна магла вучыць дзетак. Але што сказаць iнспэктару? У чужой вёсцы людзi жабай ахрысьцiлi, а што ў сваей будзе?

- Спадар iнспэктар, як мне працаваць у сваей вёсцы? Людзi мяне змалку зналi... Як яны будуць паважаць мяне, такую маладую, якую ў Бярозаўцы жабай празвалi?

Воран падпёр твар рукой, уважна пазiраў на Дуню.

- Спрабуй. Вучыць патрапiш, добра раду дасi, дык i людзi да цябе з пашанай пачнуць адносiцца. А калi помач трэба, зьвяртайся да мяне, памагу. Цяпер-жа я не магу Плясьневiчыхi там пакiнуць.

I пасьля, прыгадаўшы гэны момант, дзiвiлася Дуня, чаму проста й спакойна адказала: - Добра, спрабую.

Можа таму, што гаварыла ейнае растрывожанае пачуцьце й хацелася памагчы гэтаму зморанаму дзядзьку.

29

Задняя вайна прыйшла ў ваколiцы Лiтоўцаў у жнiвенi трэцяга лета. Задняя таму, што пярэдняя адбывалася яшчэ далёка на ўсходзе, хоць ужо й наблiжалася. А ў вёску раней заглядалi бальшавiцкiя банды для рабунку й радзей падарозе на чыгунку. Вёска баялася, што апынулася ў чырвонай зоне й што чакае яе лёс iншых вёсак, ад якiх асталiся абгарэлыя комiны й лебяда на папялiшчах. Вёска тапталася яшчэ па вытаптаных сьцежках i ў ненармальным становiшчы намагалася ўтрымаць сваю нейкую нармальнасьць. Вёска, у якой певень, асаблiва той на золаку, быў яшчэ аўтарытэтам, трымалася як магла. Людзi бачылi, што навокал адбываецца вялiкае лiха, якога не маглi вытлумачыць ня толькi пахатухi, але й мясцовыя "культурныя людзi". I вёска спадзявалася, што яе мiне нейкая свая садома. I ўсё-ж, калi прыйдзе якое страшнае лiха, дык адкуль i ў якой хворме? Хто-ж мог ведаць... Нiхто навет ня раiўся зь дзедам Якубам, якi ў немачы больш ляжаў пад коўдрай, або грэўся на печы.