Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 158

К Акула

Антось прыглядаўся аграному, нiчога не адказаў.

- Вядома, няма роду бяз выраду, але ня ўсе Палякi - лайдакi, як i ня ўсе Немцы - фашысты. Трэба адзьдзялiць народ ад сыстэмы й надта небясьпечна абагульняць, асаблiва вайной.

- Дык чаму тады Палякi нас так суцэльна стараюцца вынiшчыць, нашых найлепшых людзей закопваюць жыўцом, паляць, мардуюць?

- Яны б'юць па нашай галаве, значыцца па людзях, якiя ў галаве стаяць, народ вядуць. Наша заданьне - ня дацца, а змабiлiзавацца, ды бiць па тых Паляках, каторыя iх вядуць, ды па iхных зарганiзаваных групах, асаблiва збройных. Вось як. Кумекаеш?

- Яно так. Ну але мне, мусiць, трэба пад дом, - сказаў Антось.

Пагаварылi яшчэ пра драбнiцы й разьвiталiся. Падарозе дадому, шчуруючы сваймi сьцежкамi, высьцерагаючыся, каб дзе не натрапiць на якi вайсковы цi палiцыйны патруль, Антось доўга перажоўваў тое, што так спрытна вытлумачыў аграном.

28

"Якая недарэчнасьць", - думала Дуня, пазiраючы на сухiя сьцёблы кветак перад зялёным плотам за вакном. - "Саўсiм ня так, як у Коласавага Лабановiча. Час ня той. Ваенная гаручка зямельку трасець".

Казала матка, выпраўляючы Дуню ў гэту вёску:

- Едзь-жа, дачушка, на свой хлеб.

Адно цяпер вiдаць было, што простае, звычайнае матчына пажаданьне сталася сарказмам. Запраўды, якi-ж тут хлеб, не гаворачы ўжо пра заробак. Гэтага заробку, хаця й далi ў раёне наперад грошы, ледзь на харчы хапала, даводзiлася й галадаць.

У першы дзень Дуня мела магчымасьць зiрнуць на сябе вачмi суседкi сваей гаспадынi Кацярыны, у якой на кватэру згадзiлася. Выйшла ў гарод, што ззаду. Яе, вiдаць, не спасьцераглi куды падзелася. Чуе ля паркану:

- Кацярына. Га, Кацярына!

- Што хочаш, Ганна?

- Што гэта за дзяўчо да цябе прыехала?

- Гэта во? Дык гэта-ж новая вучыцелька.

- Вучыцелька, кажаш? - перапытаў гучны, зьдзiўлены Ганьнiн голас. Гэткая жаба, сама дзiцё яшчо i ўжо вучыцелька?

- А як-жа. Ну маладзенькая саўсiм, але з раёну прывезьлi.

- Дык як-жа яе, такую жабоцьку, дзецi будуць слухаць?