Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 135

К Акула

Тымчасам Янук вiнавацiў самога сябе. Але ў чым ягоная правiна? Калi там была рэдакцыя, калi газэта выдавалася для народу, калi шматлiкiя чытачы пасылалi туды матар'ялы рознага роду, дык цi-ж рэдакцыя не жадала бачыць наведвальнiкаў? Цi-ж рэдактарам i супрацоўнiкам няцiкава было бачыць аднаго цi другога дзядзьку з правiнцыi, пагутарыць зь iм, памацаць яго, так сказаць, пацягнуць каго за язык, каб чуць-чуваць, праведаць, што ў гушчы народнай дзеiцца? А калi адведзiны забаранялiся, дык чаму тады пра гэта не абвесьцiць ну, скажам, хоць бы й на дзьвярох напiсаць, або ўстанавiць час для наведвальнiкаў?

Валочачыся па менскiх вулiцах, Янук бесьперапынна стаўляў сабе новыя, вельмi нязвычайныя пытаньнi й намагаўся на iх суладна адказаць. I з прагрэсам такiх разважаньняў у дзьвёх асобах прыходзiў да выснаву, што, магчыма, сам зрабiў памылку, якую яму можна было выбачыць. Здавалася, што наляцеў на нейкага калi не дзiкуна, дык карантыша-нелюдзя, якi зь няведамых прычынаў забыўся пра звычаўную ветлiвасьць. А можа гэта першы раз такое здарылася, што прыйшоў да iх такiя нясьмелы юны наведвальнiк, якi, не папрасiўшы дазволу, расьсеўся на лаўцы ды патрабаваў адказу на простае пытаньне? Дык чаму-ж тады не сказалi яму, што, прыкладна, рэдактара цяпер няма, што прыйдзе пазьней, цi як? А гэтта проста не заўважылi яго, а пасьля... вон!

Як-нiяк, балела! Яшчэ больш крыўдна, калi прыраўнаць тую сакавiта ўяўленую Януком сустрэчу з гэтай рэальнай. Праўда, у фантазii гон вялiзны. Магчыма, яна пераацанiла вагу iнстытуцыi газэты ды асаблiва ейныя матар'яльныя абставiны ў часе вайны. Прыгожае, вялiкае, добра абсталяване бюро, камфорт! Шыш, дудкi, браце! Напэўна курылi яшчэ навокал гарам руiны, а руплiвыя вочы патрыётаў ужо сачылi дзе, у якiм уцалелым будынку зьвiць гняздо для гэтай абсалютна неабходнай працы, каб народ на духу падняць, каб клiкаць да еднасьцi й змаганьня, да новых намаганьняў, да вялiкага ўваскрошаньня. I ўсё-ж, пэўне, было накш, чым уяўляў лiтоўскi юнак. Знайшлi будынак, сьцягнулi дзе што далося з мэблi, i пачалi... Газэта, цi фактычна дзьве адразу, нарадзiлiся недзе ў жнiвенi, значыцца на зусiм яшчэ сьвежым папялiшчы. А колькi-ж трэба было намаганьняў, каб зарганiзаваць ня проста працаздольных, але найлепшых i перадавых, калi вораг ад няпамятных часоў глумiў беларускую нiву, вынiшчаў найбуйнейшае й плённае, а пакiнуў самы асот i гiрсу? Ды адкуль там i хто, дый за якiя сродкi мог абсталяваць якую добрую кантору й друкарню, тым больш, калi на ўсё патрабаваўся дазвол новага й ненажэрнага акупанта?

Iз тэй сьцiплай колькасьцi школьнае лiтаратуры, якую некалi чытаў, намагаўся Янук знайсьцi гэроя ў падобнай сытуацыi. Выбар невялiкi. Магчыма, што Дыкэнсаў Алiвэр Твiст, зь ягоным "яшчэ". Але там, здаецца, больш сарака такiх самых галодных, як ён, перапалоханых, маўчала. Адзiн ён, наiўны, з растрывожаным апэтытам сустрэў азызлы падбародак i заплыўшыя тушам вочы. I само яно, тое слова вырвалася неяк. А гэтта?