Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 136

К Акула

Янук, сьцяблiнкай з гэнай "сакавiтай рунi" асьмелiўся на вялiкага сейбiта зiрнуць, паглядзець што ў гумне дзеiцца. Вон!

Хто ён такi, той дзядзька з калючымi вачмi? А цi ён, Янук Бахмач, гэта новы Алiвэр Твiст у новым часе, каторы ня крычаў "яшчэ", але патрабаваў да сябе ўвагi? Дыкэнса чытаў яшчэ ў польскiм перакладзе й запомнiўся яму малы Алiвэр. Ды не. Мусiла дзесьцi ў мастацкай лiтаратуры быць апiсаная больш адпаведная сытуацыя. Дзе? Хто? Цi было штосьцi падобнае ў беларускай лiтаратуры? Ня ведаў. А калi ня было апiсана, то, пэўне-ж, магло ў жыцьцi здарыцца. Вазьмi Янку Купалу, Якуба Коласа, Цётку, Багушэвiча, Багдановiча. Цi ня было ў iх чагосьцi падобнага, калi бяздушны ўраднiк каторага за дзьверы выгнаў? Магло быць. Адно, што нiхто гэтага не апiсаў...

Назаўтра Янук сядзеў перад маладжавым з выгляду, гадоў мо сарака, з чубам у складкi, Вяршынным, тым самым, каторы пра "рунь" пiсаў. Вяршынны гаварыў роўным i цiхiм голасам:

- Узяць вось ваш першы верш "Каб быў я арлом"... Першая спроба нядрэнная...

Вяршынны разлажыў перад сабой папку гадавiка газэты й нарэшце знайшоў верш.

- Вось чытаем першую зваротку:

Калi я учора на сонца глядзеў,

Жадаў, каб у высь я арлом паляцеў,

Над роднай краiнай кружыў-бы кругом,

Ох, як было-б добра, каб быў я арлом!

- Ну, што пра яе можна сказаць? Рытм i рыфмы ўпарадку. Думка ёсьць. Паэзii, быццам, няма. Але, што-ж, як першую спробу, яно пайшло. I то, паколькi помню, нехта з нас папраўляў, можа навет i я. Бачыце, два першыя радкi дзеясловамi канчаюцца. Гэта нядобра. дзеясловы рыфмуюцца надзвычайна лёгка, кажнае дзiця гэта здолее, а таму ў творчай працы трэба гэтага высьцерагацца. Пачытайце хаця-б Багдановiча цi Купалу, самi пераканаецеся. Цяпер-жа ў двух першых радкох у ваз займеньнiк "я" аж два разы. Абыйшлося-б адным. Калi-б, прыкладна, замянiць "у высь я" на "пад неба", дык глядзiце што выйдзе: "жадаў, каб пад неба арлом паляцеў". Верш адразу ўзбагацiўся, а сэнс не мяняецца. Дый наагул, як сказаў я, у гэтай першай зваротцы паэзii ў вас няма, хаця ў далейшыых ёсьць яе проблiскi. Паўтараю: проблiскi. Разумееце? Паэтычны палёт у вас таксама ёсьць. Ня турбуйцеся, не сьпяшыцеся. Вам трэба добра жыцьцю прыглядацца, а яно перапоўнена паэзiяй, горкай i салодкай... Справа ў тым, што запраўднай i прыгожай паэзii сiлай з сэрца ня выдушыш... Цяпер узяць вашу другую зваротку, дзе далей арлом сваё падарожжа прадаўжаеце...

Вяршынны гаварыў павольна, сяброўскiм тонам. У пакоi, сумежным з тым, адкуль учора дзядзька з калючымi вачмi Янука вон выгнаў, нiкога, апроч iх ня было. Янук уважна слухаў i зайздросьцiў гэтаму экспэрту такiх ведаў з паэзii. Вяршынны на хаду рэарганiзоўваў Януковы радкi, каб iлюстраваць свае думкi.

Пасьля паўгадзiннай гутаркi крытык пажадаў Януку плённае творчасьцi, моцна пацiснуў руку ды параiў схадзiць да сакратаркi па ганарар. Крыху пазьней Янук выхадзiў з рэдакцыi i з задавальненьнем сьцiскаў у кiшэнi атрыманыя сорак тры маркi. Першы ганарар! А ў вушах зроўнаважаны й аўтарытэтны голас раiў як пiсаць. Горкая праўда. Ня было ў ягоных вершах паэзii, адно проблескi яе. Чырванеўся юнак, намагаўся прыгадаць кажнае слова Вяршыннага.