Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 134

К Акула

Мужчына зiркаў на Янука ўсё часьцей i ў ягоных шэрых вачох, як здалося юнаку, скакалi iскры нецярплiвасьцi. Падпершы рукой падбародак, ён часьцей торгаў галавой. Жанчына разважала над старымi словамi й фразамi зь бястурботнай флегмай. Але раптам шэрыя мужчынавы вочы зрабiлiся калючымi iголкамi, зiрнулi проста на Янука, а тут-жа загрымеў рэзкi загадны голас:

- Во-о-о-он!

Януку як быццам хто варам у твар лiнуў. Застукала раптоўна сэрца, млоснасьць разьбеглася па целе, закружылася галава.

- Вон, кажу! Чаго тут сядзiш? Ня бачыш, што перашкаджаеш?

Мужчына прыўстаў за сталом i хлопцу здалося, што вось-вось на яго кiнецца. Янук хуценька ўстаў з лавы i неўзабаве апынуўся за дзьвярмi. Моцна бiлася сэрца. Стаяў у слаба асьветленым калiдоры й нiяк ня мог наважыцца што далей рабiць. Здавалася, што ляпей-бы залезьцi ў нейкую нару, каб людзi яго ня бачылi. Якi сорам! Зрабiў непрабачальнае зло й за гэта атрымаў зусiм заслужанае пакараньне. Якая дурнота! А з другога боку, гэтта нейкi голас кпiў зь яго: "вось табе як на Парнас узабраўся! Так табе й трэба! Куды лезеш? Цi ты iм раўня? Мужык дурны!"

Добра не ўяўляючы куды пойдзе й што будзе рабiць, Янук зыйшоў па сходах унiз. За зачыненымi дзьвярмi прадаўжалася рытмiчнае кляпаньне машынапiскi, а за другiмi - стук малатка. Янук выйшаў на вулiцу й спынiўся. Некуды трэба было йсьцi, абы не стаяць, абы сабрацца з думкамi. Здавалася яму, што й гэтысамы будынак, каторы вось нядаўна знайшоў з такой вялiкай радасьцю, ды з такiмi вялiкiмi спадзяваньнямi адчынiў яго дзьверы, цяпер стаўся варожым, халодным, адпiхаў яго.

Iшоў вулiцай унiз да Нямiгi, зусiм не бачачы што робiцца навокал. На рагу вулiцы спынiўся перад кучай газэтаў, якiя прадаваў малы хлапец. Вялiзны загаловак на першай бачыне "Беларускай газэты" крычаў: "Новыя вялiкiя перамогi Вялiканямеччыны". Зайшоўся ў рэстаран, замовiў чай i булку. Сядзеў i доўга думаў. Пасьля блудзiў па горадзе, але мала вакол сябе бачыў. Каторы ўжо, дзясяты цi соты раз, паўтаралася ў уяўленьнi сцэна з рэдакцыi: чалавек з калючымi вачмi торгае падбародкам, знэрвавана корпаецца рукой у сваiх рэдкiх валосах i, раптам, гюэнае гнеўнае слова! Чырвань залiвае Янукоў твар. Як гэта магло здарыцца? Што цяпер? Пайсьцi назад, цi што? Але дзе ўзяць сьмеласьць?

Янук заўсёды намагаўся абаснаваць выпадкi, адказаць на пытаньнi: што, як i чаму сталася? Ня спыняўся з адказамi на "што", асаблiва важнымi былi "як" i "чаму". Цяпер-жа, як нi намагаўся, ня мог рацыянальна таго здарэньня вытлумачыць. Зашмат няведамых. Хто такi той дзядзька з калючымi вачмi? Якую выконываў у рэдакцыi функцыю, ды якi сам быў чалавек, або, - як звычайныя людзi вызначаюць гэта, - якi меў характар? Дый адкуль такi аўтарытэтны й крыклiвы ў яго голас?