Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 133

К Акула

- Скажыце, калi ласка, дзе рэдакцыя? - спытаў дзяўчыну Янук.

- А там наверсе, iдзiце па сходах, - адказала яна службовым голасам i адразу-ж зноў узялася пiсаць.

Скрыпучыя драўляныя сходы прывялi Янука на другi паверх, дзе ў калiдорчыку пабачыў аж трое зачыненых дзьвярэй. На iх ня было нiякiх напiсаў i юнак мяркаваў куды далей пайсьцi. Доўга ня думаючы, адчынiў сярэднiя дзьверы й апынуўся ў вузкiм пакоi, якi, як яму здалося, быў з боку вулiцы, бо ў сьцяне было адзiнае, даволi вялiкае вакно. Ля сьцяны з правага боку за доўгiм сталом, нагнуўшыся над паперамi сядзела двое: жанчына з каўказкiм тварам, а побач яе з правага боку, - чалавек сярэднiх гадоў, з падоўжаным тварам, яснымi валосамi. Выглядала, што людзi гэтыя былi занятыя. Жанчыну Янук ведаў зь нейкае здымкi й чытаў ейную паэзiю. Яе не спадзяваўся тут бачыць, а мужчыны зусiм ня ведаў.

Каля левай сьцяны стаяла вялiкая шафа, а тут-жа побач - даўгая лава. На сьцяне вiсеў гэрб пагонi, мапа Эўропы, а на другiм стале пры вакне ляжалi газэты, кнiжкi, розныя паперы, прылады да пiсаньня. Стол гэны, вiдаць, пакiнуў гаспадар, якi неўзабаве вернецца.

- Добры дзень, - сказаў Янук, зьдзеўшы шапку.

На ягонае прывiтаньне людзi за сталом не адказалi, толькi паэтка ледзь заўважна галавой кiўнула.

- Цi мог-бы я бачыць рэдактара? - спытаў Янук.

Пытаньне павiсла ў паветры без адказу, а двойка за сталом прадаўжала цiхую гутарку. Зусiм зьнiякавеўшы, Янук ня ведаў, што далей рабiць. Ён аглянуўся навокал, пастаяў некалькi часiнаў i сеў пры сьцяне на лаву.

Абмяркоўвалi архаiчныя словы, выражэньнi, што былi часткай нейкай гiстарычнай драмы. Турбуючыся сытуацыяй, у якой апынуўся, Янук усё-ж вымяркаваў, што людзi гаварылi пра лiбрэта опэры "Усяслаў Чарадзей", якое, мабыць, апрацоўвала паэтка. Даволi павярхоўнае знаёмства зь ейнай творчасьцю падказвала хлопцу, што i ў гэным жанры яна мела набiтую руку. У нянадта спрыяльных умовах менскi тэатр абнавiў працу, ставiлiся драмы й опэры, аднаўлялася старое, некалi бальшавiкамi зьнiшчанае, тварылася й новае. Цяпер гэтая пара ператрасала твор, аснаваны дзесь на далёкай мiнуўшчыне. Роўныя галасы й поўная канцэнтрацыя падказалi, што людзi гэтыя думкамi жылi ў адлеглым сiвым стагодзьдзi, а зусiм ня тут, у рэдакцыi менскай на вулiцы Алеся Гаруна. Магчыма, што яны й не заўважылi юнака ў паўсуконнай шэрай сьвiтцы, зялёных штанох, а калi й спасьцераглi, дык, бяз сумлеву, зусiм яго на ўвагу ня бралi.

Iшоў час, а Янук сядзеў. У гэткiм становiшчы нiколi Бахмачу не даводзiлася раней быць. Пад iм гарэла лава, нэрваваўся. Ведаў, што назаляць гэтым занятым людзям не павiнен, што, вiдаць, трэба было-б устаць, перапрасiць iх i выйсьцi. Ды простай адвагi не хапала. Людзi гэтыя раней яго не спасьцераглi, а што будзе цяпер? Упiкнуты iхнай абсалютнай няўвагай да яго, юнак так зьбянтэжыўся, што нiяк наступнага кроку ня мог вымяркаваць. Гэтта-ж ясна бачыў, што гэтым людзям перашкаджае, што ён тут зусiм непажаданы. Гэтак бывае, калi чалавек, зьбiты з нармальнага тропу ў жыцьцi, сам сябе заганяе ў тупiк, калi самая звычайная дзейнасьць, нейкая лёгiчная акцыя магла-б зьмянiць сытуацыю. Колькi пасьля ня думаў Янукк пра той выпадак, бачыў свю звычайную дурноту. Чаму ня ўстаў, зусiм проста не адчынiў дзьверы й ня выйшаў? Але нiяк ня мог рацыянальна вытлумачыць таго, што ён тады зрабiў. А справа ў тым, што зрабiў абсалютны ноль. Проста сядзеў, быццам прыкаваны да тэй лавы й зьбянтэжанымi вачмi паглядаў на двойку людзей, каторыя яго бачылi й ня бачылi.