Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 132

К Акула

Уражаньнi, уражаньнi! Колькi сьветаў. У кажнага свой. I цяпер перад юнаком зусiм новы, няведамы, нязьведаны, чыста ягоны сьвет распрасьцёрся. "Дуня, дарагая сяброўка мая! Каб ты цяпер са мной была", - зьвярнуўся Янак у думках да мiлай дзяўчыны. - "Узяў-бы я цябе за шурпатую ад зьбiраньня зёлак руку, прыгарнуў-бы, i пайшлi-б мы супольна гэты няведамы сьвет пазнаваць". Шчымлiвае юнацкае сэрца, ты зноў да лёту паэтычным iмпэтам акрыляешся. Колькi-ж тваё хваляваньне й цярпеньне й колькi юнацкае галавы трызьненьне на розныя лады паэты апiсвалi.

Хацелася прысесьцi на гэнай сiратлiвай, пад абсмаленым дрэвам, лавачцы, за алавiк узяцца. Але вакольныя руiны, рэдкiя прахожыя, што як перапалоханыя сабакi аглядалiся, вайсковыя машыны, што за сабой хмару пылу ўзьнiмалi, усё гэта руйнавала натхненьне. У грудзе цэглаў ляжала пажоўклая, абарваная, вiдаць, тэатральная афiша:

...тэатры. Тодара Лебяды

ЗАГУБЛЕНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Загубленае жыцьцё, амаль дашчэнту зьнiшчаны горад. Пусьцее Пляц Волi. Яшчэ ўчора кiнулася юнаку ў вочы, што мала цывiльных па вулiцах бачыў. Дый дзе-ж iм было быць? Пэўне-ж, шмат перабiлi, а многа паўцякала. А ўсё-ж... Цi тыя, што жылi, баялiся па вулiцах хадзiць?

I вакол гэтае плошчы мала чаго ўцалела. Зь левага боку высiлася абшарпаная, асколкамi пабiтая сьвятыня зь дзьвюмя барокавымi вежамi, падобная на тыя, што бачыў у Пархвенаве, Будславе цi Бярэзьвiчах. Мусiць усе яны, - i гэта, i тыя таксама, - будавалiся цi не ў адным стагодзьдзi. На помач, мабыць, паклiкалi з далёкае Iталii нейкага Манджэлётты цi iншага Сквiранчэлi. Магнаты машнамi золата мералi, а за таннымi мясцовымi рамесьнiкамi затрымкi ня было.

Гэтта дзесьцi ад плошчы адходзiла тая жаданая, - так i стаiць у вачох, як магнiт прыцягвае, газэтны радок з адрасам, - вулiца Алеся Гаруна, Менск. I сама рэдакцыя ледзь не на рагу вулiцы пры Пляцу Волi. Янук стаяў задаволены, разглядаўся. Вузкаватая вулiца, амаль зусiм ад вайны ўцалеўшая, пахiла зьбягала ўнiз. Воддаль вiдаць нейкiя майстэрнi, групы людзей. А дзе людзi, там i жыцьцё. На рагу прыбiтая да сьцяны дошчачка iзь сьвежым, не такiм ужо, як на ваенную бяду, аматарскiм напiсам: вулiца Алеся Гаруна. Янук ледзь не падскочыў з радасьцi. А колькiм вулiцам у Менску дадзены беларускiя назвы? А колькi зь iх наагул напiсы мае на рагох вулiцаў i на дошчачках? А гэтая ня толькi названая, але й пазначаная. А далей, ужо зусiм асьцярожна ступаючы, Янук падыйшоў да двухпавярховага будынку й затрымаўся перад дзьвярмi.

"Беларуская газэта" i "Голас Вёскi".

Вось яны абедзьве разам, пад адным дахам. Мiлыя сястрыцы, цi як iх назваць? Ужо калi ня тут Парнас, дык дзе тады? Моцна стукала Янукова сэрца, калi дрыжачая рука адчынiла дзьверы. Трапiў у нейкiя сенi, цi пусты пакой. Было тут змрочна, неяк сыра й дзiка. А пад цёмнай стольлю млява сьвяцiла адзiная электрычная лямпачка. Янук стаяў i разглядаўся. Спасьцярог двое дзьвярэй. За аднымi зь iх нехта нешта пiльнаваў, а за другiмi роўнамерна стукала машынка. Янук, памяркаваўшы, адчынiў дзьверы. Пры стале, бокам да яго, сядзела маладая стройная дзяўчына, а пальцы ейныя хутка танцавалi па кнопках машынапiскi. Пальцы спынiлiся й дзяўчына зiрнула на хлопца.