Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 131

К Акула

Вось цяпер, у гэты прыгожы дзень, прыгорблены Пракоп Бахмач, сквапна граблi аблапiўшы, пракос сена варочае. Спынiцца, рукою навотмаш абатрэ пот са лба, разгледзiцца навокал, што дзе суседзi робяць i зноў на граблi налягае. А сэрца яму па жонцы балiць. Куды ня кiнься, а ўсюды сам. I на пустым месцы паўстае яна, такая стройная, але спрацаваная гаротнiца. Вось у руках ейных вязьмо, а на плячы серп. I ўздых: - Божа мой, Божа! Працуеш во й стараешся, iзь сiлаў апошнiх выбiваешся, а як памрэш дык цi хто калi цябе ўспомнiць...

А пасьля, - гэта ўжо ад бацькi, доўгiм вечарам увосень. На пяколку падкорчаныя бацькавы босыя ногi, а гэтта-ж побач - Януковы й Мiколавы. I дзьве, авечымi нажнiцамi ў пасы пастрыжаныя, галовы побач вусаў, што вось цяпер варушыцца пачалi.

- Эх, сынкi! Гэта-ж як прыпомню маладыя гады й Пiцярбург!

I лiтоўскiя падлёткi падарожнiчаюць з бацькам над Нявой, даведваюцца пра нейкую самарынскую, падцягваюць з бацькам "каробушку", або навет пачуюць рэха пра тыя "арудзiя ў рады" i "геройскую гiбель Варага" зь японскае вайны...

Дзе было спалучэньне? Той - чалавек зь iншага сьвету, самародны iнтэлiгент, якога безьзямельле на чужы бераг некалi выплюнула... Лiпеў пры пiсарскiм, цi не апошiм, стале слаба аьветленай канторы. I ўпарта, кажны дзень пяром акуратна выводзiў свой надта-ж прыгожы почырк. А потым вечарам, пасьля таго пiсарскага стала, апрануўшы новы касьцюм iз такiмi сьмешнымi цяпер порткамi, - калошы як тонкiя дудкi, - вандраваў можа тымi самымi завулкамi, дзе калiсь валачыўся, баючыся чарговае трасцы, тварэц Раскольнiкава й сквапнае старое... I сын... Бадзёры юнацкi крок на менскiм ходнiку, а ў галаве поўна гарачага патрыятычнага пылу. Перад iм Верхнi горад, Пляц Волi й ягоны, новы Парнас. У таго былi немалыя жыцьцёвыя прыгоды. З iмглiстага гораду, пад градам куляў рэвалюцыi вярнуўся да родных гоняў. Высокалётныя мары, жаданьне нейкiм чынам перабудаваць сьвет уперлiся нарэшце ў вузкую палоску зямлi. Зiрнеце на яго сяньня: згорблены, зьняможаны, ён усё трывае, упарта валочыць жыцьцёвы цяжар. Ахвяра незалежных ад яго абставiнаў, яму не дадзена было нiчога зьмянiць, як нi намагаўся. Але чаму з такiм жарам стараўся запярэчваць поглядам сына? Цi таму, што адвечная галеча назаўсёды сьвятло засланiла? А калi-б навет i так, дык цi гэта давала яму права не спанукаць сына да росту, да сьвятлейшае будучынi? Цi ня лепш было-б замiж таго "сынок, скруцiш галаву", добрым словам сына ў дарогу праводзiць?

Думкi Януковы пераключылiся. Перад iм станулi незнаёмыя да ўчарашняга людзi з Камароўкi, пра iснаваньне якiх кагадзе зусiм ня ведаў. Перадусiм добразычлiвая й гасьцiнная гаспадыня з лагоднымi мацярынскiмi вачмi. I клопаты: а што, а як, а куды пойдзеш? Як удома. Апавяданьнi пра яе родную, прыгожую Лагойшчыну. Удава з суседамi Бахмачовымi нейкай тонкай нiткай зьвязаная. Апавяданьне пра копныя суды, што ад свайго дзеда яшчэ чула. А пасьля пра бомбы й полымя, што слаўны горад над Нямiгай жэрла.