Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 130

К Акула

I вось, зiрнi. Сам рэдактар быццам прачынаецца з задуменага творчага дурману i неяк адразу сьцямiўшы, што на парозе зусiм нечакана вырасла сьцяблiнка з тае "сакавiтае рунi", твар адданага народу й творчасьцi iнтэлектуала праменiцца вясной радасьцi. Кiўком галавы спыняе сакратарку, устае й бяжыць насустрач Януку.

- А братка, заходзь, сядай. Здароў, як цябе... Вiтаем, вiтаем...

Постаць насычаная суцэльным бацькоўскiм клопатам, сяброўская рука цёпла сьцiскае нязграбную юнацкую далонь. Гледзячы проста й шчыра юнаку ў вочы, чалавек гарне хлапца да грудзей. I здаецца тады Бахмачу, што гэтага выдатнага перадавiка беларускае культуры ён мусiў даўно аднекуль знаць, такi ашаламляючы эфэкт ад цёплага й простага бацькоўскага прывiтаньня. I асаблiва да сэрца лiпне той блiзкi, на "ты", зварот, быццам-бы лiтоўскi шыш нечым раўня яму.

- Дык як-жа завуць цябе? - апамятаўся рэдактар.

- Янук Бахмач.

- Бахмач? Ага, чытаў, чытаў... А як-жа ня чытаць... Такiя выдатныя творы. Пясьняр таленавiты зь цябе будзе, але-ж. Адразу мы цябе спасьцераглi. Няштодзённы такент. Але-ж дазволь...

Гэтта рэдактар спыняецца, просiць хвiлiнку ўвагi. Замiрае кляпаньне машынапiсак, а дзяўчаты з запытальнай цiкавасьцю ўзiраюцца ў чубатага, блакiтнавокага бляндына.

- Зьявiўся да нас во новы, выдатны беларускi песьняр, - урачыста й паволi гаворыць рэдактар. - Вялiкiя надзеi на яго пакладаем. Я рад прадставiць вам яго: паэт i пiсьменьнiк Янук Бахмач.

Радасьць цiсьне Януку з вачэй сьлёзы. Ён задаволена трасе рукi, што цягнуцца да яго, а рэдактар клiча яго зайсьцi ў сваё прыватнае бюро.

Нiкчэмнасьць думак юнацкiх, спадзяваньняў на наiўнасьцi аснованых, салодкасьць лятуценьняў. I добразычлiвыя чытачы прабачаць, пэўне-ж, нашаму нефартуннаму Януку Бахмачу, што на свой апрычоны лад уяўляў беларускае культурнае ўзвышша. Бо як-жа накш? Цi-ж мог падазраваць наш гэрой, што гарачы патрыятызм ня мог апраўдаць няведаньня суровых законаў жыцьця асаблiва ў той час, калi вялiзная навала сiлаў гвалту перачыркнула ўсякую рацыянальнасьць?

На зьмену таму, лятуценнаму, прыйшоў iншы Янук, гэны канкрэтны, каторы цяпер во крочыць па ходнiку, абмiнае бомбавыя варонкi, блукае ў зруйнаваным вялiзным горадзе. Прыгарнула яго на Камароўцы добрая жанчына. I ўся вопратка на iм бацькава, адно ня бацькавы думкi ў галаве. Думкi... Хто ведае, калi-б бацька быў цяпер у ягоных гадох, цi ня думаў-бы ён так, як Янук. Цi-ж ня хвалiўся сыну якiм гэроем калiсьцi ў Пецярбургу быў? Цi ня ён гэта на Неўскiм дзевак падпiльноўвываў, Шаляпiна ў "Дэмоне" слухаў, або кадрылю тады модную танцаваў? Ого, - паслухай яго, - якi фарсун-шчыгiлянт зь яго быў. "Госпадзе, выбач мне. Ня мне судзiць яго".

У сям'i даўно нядоля й над усiм, каб неяк утрымаць, каб жывот напоўнiць i цела пакрыць, трывае бацькава вока пiльнае. Цi гэта той-самы чалавек, якi меў калiсьцi можа большыя лятуценьнi, чымся Янук? У думках юнацкiх "адвечная песьня" прадаўжалася: бацька-сын, канфлiкт, над якiм многа думалi фiлязофы, пра што пiсалi пiсьменьнiкi. Аналiзавалi, рацыяналiзавалi, пад нейкi агольны назоўнiк падганялi.