Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 129

К Акула

- Добры дзень. Прабачце, я - Янук Бахмач з Гацяў. Мне Нiна Рашкевiч гэты адрас дала, казала, што ў яе сваячка тутака...

- Ага, дык вы той западнiк? Мне Нiна пра вас пiсала. Калi ласка заходзьце й сядайце, - прыемным павольным альтам прывiтала старая жанчына.

Янук спынiўся, ня ведаючы што далей рабiць.

- Дык вы Беларус? - спытала жанчына. - Ну добра. I я таксама Беларуска i Галька, мая пляменьнiца, таксама. А гэта во ў нас кравец жыве. А я сама гадавалася на поўнач ад Лагойска. Але-ж, сядайце, - паказала яна на незанятае плеценае крэсла.

Янук падбадзёрыўся такiм ласкавым тонам гаспадынi, усьмiхнуўся да прыгожай чарнявай Галькi, якая сачыла ягоны кажны рух i ўсеўся ў крэсла, паставiўшы побач свой кораб. Ведаў, што знайшоў часовы прытулак у вялiкiм разбураным горадзе.

24

Настаў вялiкi й незабыўны для Янука дзень. Кавалак сьвету стаптаўшыя Пракопавы чаравiкi цяпер на Януковых нагах ашчэрылiся на парэпаны вайной ходнiк, калi iхны новы ўласьнiк па галоўнай менскай вулiцы ў летнi дзень роўнамерным крокам у рэдакцыю "Беларускай Газэты" йшоў. З трывожным бiцьцём сэрца ён яшчэ й яшчэ раз намагаўся ўявiць як стане перад галоўным рэдактарам газэты й што з таго выйдзе. Цi-ж ня пiсаў у газэце нехта Вяршынны ў даўгiм, - аж на два абшырныя падвалы, - артыкуле, нарыс пра "сакавiтую рунь" паэтаў i пiсьменьнiкаў, што зазелянела на нiве пагвалчанай краiны? Цi-ж не называў ён тую рунь шматабяцаючай надзеяй на будучыню новае беларускае лiтаратуры? А ў рунi тэй цi-ж ня быў i ён, Янук Бахмач, пышным парасткам, што некалi мае буйна ўскаласiцца?

Янукова буйнае ўяўленьне малявала вобраз таго, што мае адбыцца ў рэдакцыi. Вось уваходзiць ён у вялiкае, выдатна абсталяванае бюро. Спачатку адчыняе ён салiдныя й няскрыпучыя дзьверы, але зусiм цiхiя дзьверы i ўва ўсiм маестаце свае лiтоўскае сьцiпласьцi, задаволены, што нарэшце калi не на Парнас дык абавязкова на нейкi там iншы Алiмп узьлез, стаiць перад найгалаўнейшым рэдактарам. Навокал клепяць нешта машынапiскамi дзяўчаты, а рэдактар, каторага Януку карцiць бачыць, задуманы нешта дыктуе сваей сакратарцы. Гэны спадар падобны на настаўнiка Сабалеўскага, адно маладзейшы ды яшчэ з буйнай чупрынай. Твар ягоны - люстра заклапочанае мэлянхолii й ледзь стрымлiваных творчых парываньняў. Гэта наскрозь - зiрнiце вунь на яго народу адданы працоўны iнтэлiгент, абавязкава й зусiм бяз рэзэрвы руплiвы гаспадар гэнае рунi. Апрануты ён у прыгожы, хоць i сьцiплае якасьцi, касьцюм, а на твары муза-натхненьне. Янук цiкуе, калi-ж яго спасьцерагуць, але дарма, усе страшна занятыя. Хлапец спакойны, бо трапiў да найважнейшых на беларускай культурнай нiве дык можа хвiлiнку цi дзьве пачакаць. Дзiва няма, што спасьцерагуць не адразу, не паведамляў-жа, што прыедзе.