Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 128

К Акула

Янук чуў, што Камароўка - старая часьць гораду. А перад iм паказалася вялiкая вёска, якую горад, як выглядала, апошнiмi часамi аброс i абкружыў i адно вось разiнуў свой прагавiты рот, каб яе глынуць, як перашкодзiла вайна. Магчыма, што некаторыя з гэтых хатак сваймi, тады-ж новымi й простымi вокнамi праводзiлi некалi на этап у Сiбiр Маскалямi гнаных лiтоўскiх паўстанцаў.

I як яна, гэтая вёска, ўцалела? Мясцамi й тут чарнелi пагарэлiшчы. Але-ж... Янук выняў зь кiшэнi свой нататнiк, зiрнуў на адрас. Неўзабаве стаяў перад нiзкай, у два вакны на вулiцу, шэрай, абшаляванай i даўно немаляванай хатай. Скрыпнуў весьнiчкамi ў двор, асьцярожна зашчапiў iх i пастукаў у бакавыя дзьверы. Нiхто яму не адказаў. Дзесьцi ззаду, за хатай, чулiся галасы й дзявочы сьмех. Янук пайшоў на тыя галасы й трапiў ў невялiкi садзiк. Ля платоў - густы малiньнiк. Пад яблыняй, над нiзкiм сталом, над абрэзамi матар'ялу стаяў лысы, сярэдняга росту дзядзька, нешта адмяраў i значыў, ды гучна гаварыў парасейску. Збоку, у плеценым крэсьле, сядзела чарнявая, Януковых гадоў (як даведаўся пасьля, звалася Галька), надта прывабнага выгляду, смуглявая ў твары дзяўчына. Яна трымала ў руках кнiжку. Старэйшая, таўстая жанчына сядзела ў плеценым крэсьле, бокам да Янука. У руках трымала нацягнутае на драўляныя абручы кужэльнае палатно, вышывала. Усе гэтыя галоўныя дэталi Янук спасьцярог адразу. Здалося тут надта ўтульна й цiха, быццам вайны на сьвеце ня было.

Першы спасьцярог Янука мужчына, спынiў нейкую гутарку й ягоныя вочы ацэньвалi наведвальнiка. Неўзабаве й ягоныя суседзi адвярнулiся й зь цiкавасьцю пазiралi на хлопца. На круглым твары мужчыны мiльганула нешта наводля зразуменьня й лёгкай усьмешкi. Старэйшая жанчына, тоўстая, пульхная ў твары, пазiрала лагоднымi, цёплымi блакiтнымi вачмi, адно чарнявае дзяўчо, - аганькi ў вачох, - здавалася, што ня ведала, цi сьмехам пырснуць, цi пабожна, зьмiрэнна прыглядацца. I цi раз пасьля думаў Янук, сам зь сябе ў галаве кпiны робячы, якiм сьмешным мог ён гэным людзям на першы зiрк вока паказацца: няўзрослы бляндын, кепка на галаве, самаробная вясковая сьвiтка й кораб зь вечкам пераз руку наперавес. Проста дзядзька на рынак выбраўся, адно што дзядзьку гэтаму толькi сямнаццаць споўнiлася. Але, самае галоўнае, што ўваколiцах Менску ў гэны час такой хатняе прадукцыi вопраткi ў былых калгасьнiкаў i заваду ня было. Дык пытаньне: адкуль гэты "дзядзька" на рынак зьявiўся?