Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 127

К Акула

Янук зiрнуў вышэй налева, туды на Верхнi горад. Перад прыездам сюды прыглядаўся старой мапе Менску й агульна ар'ентаваўся. Там воддаль шарэлi вежы барокавае сьвятынi. Сьвiслач плыла быццам у парэпаных па берагох начоўках, зямля апускалася да ракi з абодвух бакоў лагодным нахiлам. Вада абмывала розны хлам, а пры беразе босыя дзеткi вазiлiся iз чэрапам старога чаўна.

За тэатрам уцалеў вялiкi, чатырох- цi пяцiпаверхавы зялёны будынак. У ягоных зашклёных вокнах адбiвалася сонца. Там, мабыць, жылi людзi. А з правага боку галоўнай вулiцы, у тым баку, дзе чысьцiбот казаў была Камароўка, але далекавата ад яе, залацiлiся купалы сьвятынi, налева-ж чарнелi стрэхi хатаў. А што, калi тая часьць Камароўкi, куды ён iдзе, ды хата тае жанчыны не ўцалелi?

Хлапец доўга стаяў i пазiраў на вулiцу, быццам у памяцi зрокавай i ў галаве на векi вякоў хацеў утрывалiць вобраз дашчэнту зруйнаванага гораду. Як гэта там пра яго ў "Слове аб палку Iгаравым"?

Ня Нямiзе снапы сьцелюць галовамi,

А малоцяць-жа стальнымi iх цапамi,

На таку жыцьцё кладзецца неспадзеўна,

I душу ад цела веюць безнадзейна.

Берагi ў крывi Нямiгi па каленi...

Янукова памяць адтварыла радкi, якiя з такiм смакам дэклямаваў ягоны настаўнiк, гiсторык Сабалеўскi...

Калi стары летапiсец гаварыў пра "снапы, што сьцелюць галовамi" й "малоцяць стальнымi цапамi", дык што сказаў-бы ён, як-бы ацанiў гэты нядаўны вогненны глум?

Мясцамi стаялi абгарэлыя цагляныя сьцены, тарчэлi комiны. Некаторыя зь iх, здавалася, лёгка было-б павалiць. На ўзьбярэжжы ракi лапiкламi й палоскамi зеклянела трава, асiрацела стаялi абгарэлыя й шрапнэлем пашарпаныя дрэвы. Пышнела на руiнах лебяда, пырнiк i дзядоўнiк. Дзесьцi ў завалах хламу спрэчку вялi вераб'i. Мясцамi тут тлела жыцьцё: вунь на скупенькiм, малым лапiклу гароду сагнулася над матыкай жаночая фiгура. Такiх лапiклаў - аазаў жыцьця ў гэтай пустэчы, юнак спасьцярог больш. Яны - быццам кволыя першыя завязi скуры, першага гаеньня аграмаднае раны.

Здавалася, што бомбы ў Гацях шмат зьнiшчылi. Янук першы раз бачыў такое разбурэньне. А як-жа ашаламляе, прыгнятае бянтэжыць вялiкi зруйнаваны горад. Але маладосьць сваiмi крыльлямi лунае, да жыцьця няспынна iмкне-цягне. Янукова прыгнечаньне хутка зьмянiлася цiкавасьцю, асаблiва-ж калi ўзыйшоў крыху вышэй паказанай чысьцiботам вулiцай i адтуль пазiраў на тое месца, дзе быў Пляц Волi, "беларускi Парнас" i яшчэ гэныя калiшнiя "берагi ў крывi"...

Гэтта-ж непадалёк, ля ўсходняга боку вулiцы цягнуўся часткова зьнiшчаны будынак з высокiм комiнам, што нагадваў нейкую хвабрыку. Магчыма, што гэта й быў той радыёзавод, пра якi чысьцiбот гаварыў. А калi так, дык тут-жа была й Камароўка. Цяпер Янук уважна разглядаўся навокал. Заходнi бок вулiцы абселi малыя, уперамешку з большымi, хаты. Гэты раён нагадваў вёску. I калi Янук пайшоў у той бок, каб знайсьцi адну, яму патрэбную, хату дык i запраўды, на мiлае сваё зьдзiўленьне, быццам у вёсцы апынуўся. Стрэхаў саламяных, праўда, ня бачыў, але з-за парканаў усьмiхалiся сланечнiкi, садовыя дрэвы, а пад вокнамi бушавалi астры, чаравiкi, вяргiньнi й пiвонii. Над плотам распусьцiла свае косы стройная бярозка. Даўно вылiняла шалёўка сьценаў, пакрывiлiся вокны, пахiлiлiся тыны й парканы. На нябрукаванай вулiцы стаялi лужыны вады, ля якiх дзеткi басанож рабiлi свае дарожкi, дзяўчаткi забаўлялiся ў чарапочкi. Каб дапоўнiць тутэйшы вясковы пэйзаж, трэба яшчэ колькi курэй цi гусей, у сады - вульлi з пчоламi ды можа пару кароў цi козаў...