Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 126

К Акула

Прылады заработку, - драўляная скрынка, шчоткi, паста й шматы, стаялi на парэпаным, ад гарачынi ваенных пажараў патрэсканым ходнiку. Тэрыторыяй быў засяг зроку, а галоўным апэрацыйным пунктам - рог вулiцы. Клiентаў, выключна вайсковых, было даволi. Калi на тэрыторыi паказваўся чалавек у ботах, звычайна нямецкi радавы цi афiцэр, хлопцы сустракалi яго сьцiплым запасам чужой мовы. Для параўнаньня вазьмi кагось з Бахмачовай вёскi, зь лiтоўскае малечы, пасадзi яго на гэта самае месца, дай такiя-ж прылады працы. Цi зарабiў-бы ён i цi пражыў-бы з такога заробку? I цi змог-бы памагчы сваяком, як гэтыя во памагаюць?

Янук спынiўся ля хлапчукоў. Воддаль на ходнiку вiдаць былi жаўнерскiя мундзiры, вулiцай праяжджалi й пылiлi грузавiкi. А недалёка, на ўцалелай часьцi будынку, над дзьвярмi, - вось увайшоў туды чалавек, - вiсеў напiс: Гарбата. I нешта меншымi лiтарамi, чаго Янук ня мог адсюль прачытаць.

Што кажух, то ня вата,

а што капуста, то не гарбата...

- прыгадалася Януку зь нейкага апавяданьня. Але чаму "гарбата"? Цi-ж гэта беларускае слова? Яму заўсёды здавалася, што пабеларуску "чай"...

- Бацiнкi пачысьцiць...?

Дзiцячы голас вярнуў яго ад "гарбаты" да запраўднасьцi. Чысьцiбот ня ведаў, вiдаць, як зьвярнуцца да яго.

- ...дзядзька, - дадаў хлопец, не зьбянтэжыўшыся.

- Якi я табе дзядзька? - усьмiхнуўся Бахмач.

Хлапчукi пазiралi на яго ўважлiва, ацэньвалi. "Не, не ўгадаюць", думаў юнак. Але ня было часу. Дзесь на Камароўцы жыла жанчына, адрас якое трымаў у кiшэнi, а дзесь ля Пляцу Волi гнязьдзiўся новы беларускi Парнас, на якi Янук можа дабярэцца яшчэ сяньня. Няма часу на падшыванцаў.

- Скажыце, хлопцы, дзе тут Камароўка й як да яе дабрацца?

- Камароўка? - адказаў старэйшы выглядам. - Дык яна от там, - паказаў дзесьцi ў кiрунку на ўсход. - Iдзi во гэтай вулiцай проста туды й як дойдзеш да радыёзаводу, там яна й ёсьць.

- Далёка?

- Ды не, кiламетры два...

Падыйшлi жаўнеры й зноў пачулася "шус пуцэн". Янук рушыў паволi, разглядаўся. Бакi вулiцы, як вокам сягнуць, абступiлi руiны. Адно зь левага боку ўзвышаўся зусiм цэлы, з чырвонай цэглы будынак нейкай сьвятынi. Паводля Януковай ацэны гэта мог быць касьцёл, а каб хто яго папрасiў апiсаць стыль будовы, ня змог-бы.

Мiнуўшы некалькi скрыжаваньняў вулiц, вачом юнака паказалася вялiзная, адкрытая панарама зруйнаванага гораду. Хлапец спынiўся, зыйшоў на бок ад вулiцы, прысеў на кучы цэглы, выняў з торбы чэрствы хлеб i сала, паволi жваў i разглядаўся. Воддаль, наўскасяк налева, як быццам нейкi вялiзны, круглы, шэры маўзалей на суцэльным могiльнiку, шарэў у раньнiм сонцы тэатр опэры й балету. Магчыма, што ў нязьнiшчаным, забудаваным горадзе будынак гэты, навет з маста на Сьвiслачы можна было заўважыць яго вялiкi разьмер, - ня быў нiякiм кантрастам. Пэўне-ж, калi ўжываць тэрмiну будаўнiкоў, мог быць ён некалi арганiчна ўпiсаныў ансамбль вакольных будынкаў. Хто яго ведае... Чаму ўцалеў? Навокал, вiдаць, мора агню шалела. А гэты во, - зiрнiце на яго! быццам, каб пратэставаць супраць зьдзекаў зямных i нябесных, стаiць бадзёра, усiм i ўсякаму на выклiк. Помнiк на могiльнiку.