Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 125

К Акула

Немец выцягнуў зь кiшэнi жмут акупацыйных марак, дбайлiва адзьдзялiў адну паперку й даў замурзанаму хлапчуку. Той схаваў грошы ў кiшэню патрапаных портак i ўсьмiхнуўся да жаўнера. А Немец выцягнуў руку й варушыў указальным пальцам, проста хлапчуку ў вочы пазiраючы.

- Айн гальб марк! - дамагаўся шорсткi, як жвiр, голас.

- Iх габэ кайн гальб марк, - апраўдваўся хлопец.

Немцаў твар ператварыўся ў чорную хмару, а рудыя вочы - у калючыя цьвiкi. Жаўнер спрытна прысеў i схапiў хлопчыка за правае плячо. У гэны самы час ягоная рука пачала абкладаць дзiцячы твар аплявухамi. Гэтаму спадарожнiчала сакавiтая крыклiвая лаянка.

Хлапчуковы прылады для чышчэньня ботаў, - скрынка, шчоткi, паста й шматы, - паляцелi ўбок, калi ён, баронячыся левай рукой ад удараў па твары, пачаў босымi нагамi малацiць Немцаў жывот. Магчыма, што трапiў жаўнеру ў чульлiвае месца, бо ў таго твар скрывiўся ад болю й хлапец вызвалiўся зь ягоных рук.

- Фарфлюктэ фашыст швайн! - крыкнуў хлопец.

Сабраная грамада такiх-жа чысьцiботаў прыйшла хлопцу на помач.

- Швайн, швайн, фашыст!

Узлаваны Немец схапiўся за штык, што вiсеў ззаду на шырокiм пасе ў похве, але рука спынiлася. Ён плюнуў, сакавiта вылаяўся й пайшоў у бок вялiкiх шэрых будынкаў i кучаў цэглы.

Быццам заварожаны, прыглядаючыся гэнаму выпадку, стаяў Янук. I што было-б, калi-б ня вырваўся зь Немцавых рук той падлётак? Цяпер Бахмач,ня ведаючы куды, iшоў. Скруцiў налева й неўзабаве стаяў перад аграмаднымi шэрымi, зусiм уцалелымi ад бомбаў, высокiмi на паверхаў сем будынкамi. Перад iмi - вялiкая плошча. Пачаў прыгадваць. Некалi ў савецкiм падручнуiку геаграфii бачыў здымку. Але-ж. Дом Ураду. Вось ён.

Нечага бракавала. Дом домам, але было ў гэнай здымцы, супольна з гэтым домам нешта няменш манумэнтальнае. Але што? Янук змалку меў дасканалую зрокавую памяць i яна нарысавала ў iншай, мазгавой памяцi гiпсавую фiгуру.

- Так, гэтта быў помнiк... а цяпер яго нiма, - сказаў сам сабе хлопец. - Узарвалi, мусiць.

Там, у гэным савецкiм падручнiку цьмяная здымка на дрэннай паперы не магла даць ўяўленьня пра вялiчыню гэтай грамады будынкаў. Трэба было нешта да параўнаньня. А з чым меў Янук параўновываць? З Габiшынай гарбатай, нiзкой, апоўзлай крамай цi, можа, з Макатунiшынай хатай?

У вачох яшчэ стаяў зьвярыны, бяздушны твар Немца й вялiзны перапалох на замурзаным, у рабацiньнi, твары хлапца, што ня меў паўмаркi рэшты... Янук зьбянтэжыўся. Куды йсьцi? Дзе тая Камароўка, дзе рэдакцыя газэты? Каго спытацца? А якраз во такi малы хлопец чысьцiбот, ён-жа зусiм мясцовы, ён i ведаць будзе. Ды дзе яго знайсьцi? Тыя ля вакзалу разьбеглiся. Але-ж iх, пэўне, больш на вулiцах. I не памылiўся. Адно нягледзеўся "дому ўраду", павярнуў на першую сустрэчную вулiцу направа, як пабачыў двух чысьцiботаў.

Было ў гэтых хлопчыкаў нешта, чаго Бахмач, сын палёў жытнiх i лёну са званочкамi блакiтнымi, не спасьцерагаў у вясковых падлёткаў такога ўзросту. Ня вопратка, якую льга было-б назваць калекцыяй ваеннага часу: завялiкая шапка на нястрыжанай галаве, кашулёнка, што даўно за мылам зажурылася, сьвiтка не ў разьмер, шэрыя працёртыя порткi, шчарбатыя чаравiкi, або босыя й карэлыя ногi. Не, ня вопратка. Ваеннае лiха загнязьдзiлася ў зараньня пастарэлы дзiцячым тварыку, асаблiва-ж у вачанятах. Iм яшчэ трэба было-б сьмяяцца з розных дзiцячых блазнотаў, а ў iх ужо цьвёрдасьць, рашчараваньне, боль. Яны во гэтта, як спрактыкаваныя, гора бачыўшыя, спад насунутых, нахмураных броваў падпiльноўвалi й ацэньвалi цябе, недаверлiва насьцярожвалiся, намагалiся прадбачыць. I ў полi тых вачэй была ўся тэрыторыя заработку.