Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 123

К Акула

23

На шэрым, даўгiм i мясцамi абсмаленым да пашкоджаньня будынку менскага вакзалу, пасярод, на шэрай дошцы вiднеўся цьмянымi лацiнскiмi лiтарамi напiс: МIНСК. Янук выцiснуўся з грамады вiленскiх спэкулянтаў, саскочыў на жвiр ля шпалаў i разглядаўся, працiраў заспаныя вочы. Навокал - жаўнерскi гармiдар, якi, вiдаць, нiколi ня сьцiхаў. Гудзела ў вушах. У цяжкой ад бяссоньнiцы галаве пераклiкалiся адгалоскi начнога, павольнага грукату цягнiка, гамонкi спэкулянтаў, што абложаныя добрадаходным таварчыкам, частавалiся "шнапсам", вяндлiнай, сiтнiм хлебам, каўбасамi.

Перасядаў ля поўначы ў Маладэчне. У таварным вагоне, куды трапiў пасьля праверкi "райзэшайну", было цесна й цёмна. Ня ўсьпеў Янук iм кроку ступiць, як пасыпалася сакавiтая лаянка.

- Пёруне, скру..., гдзе лезеш?

Зьдзiвiў юнака сiпаты, пракураны жаночы голас. У iм апроч басяцкае лаянкi, ледзь далося жаночае распазнаць. Нехта ў куце засьвяцiў лiхтар. Выпучыўшы жывот, абкружаная клункамi й карзiнамi, быццам сьвiньня парасятамi, цётка з пракураным голасам тут-жа ля дзьвярэй разьмясьцiлася. А там з паўцемры чулiся iншыя басы, тэнары й альты, хрыпатыя й войстрыя. I то ўсё на аднэй мове.

"Куды гэта я трапiў?" - падумаў Янук.

Прымасьцiўся ля дзьвярэй, бо далей ня пусьцiлi. Найбольш аўтарытэтныя галасы, чуваць, па кутох разьмясьцiлiся. Трахнулi дзьверы, ледзь ногi ўсьпеў падцягнуць. I тады пачалася, пад лякатаньне колаў, адлеглую дзесь на станцыi нямецкую лаянку, свая, цi не кансьпiратыўная "гавэнда". Пра Збыськаў, Марыськаў, кур..., пёрунаў, гжмотаў i iншае.

Нос пратэставаў супраць часнаку, поту й табакi. Мелася ўражаньне, што народ гэты сустрэўся ня прыпадкова, а вырас недзе ад аднэй атожалкi i ён, Янук, быццам непатрэбны мазоль, iм на рукi сеў. Ад няшчыльных дзьвярэй, калi разагнаўся цягнiк, цягнуў халодны скразьняк, а там нехта ў куце, засьвяцiўшы лiхтаром, "высьменiтэ пане", ўзяўся кагосьцi частаваць. Задаволеннае цмоканьне, адабрэньне самагоннага майстэрства.

I раптам дзесь у куце - плясь!

- Гдзе лезеш, холера!

Жаночы голас. I агульны рогат. Вясёлая кампанiя, цi што?

"Чэрцi, апэтыту наганяюць".

Дзесьцi ў кiшэнi, у маленькай торбачцы чарсьцьвела луста разовага хлеба, скрылёк сала. А асобна, у корабе, вёз сыр, масла й хлеб для Рашкевiчавай сваячкi, у якой затрымацца меў.

Трэба было-б паспаць, але як тут ляжаш? Калi гэтыя людзi сьпяць? Можа ўдзень? Што гэта за яны? Раптам нешта ў галаве праясьнела. Пэўне-ж, гэта "дарабкевiчы". Яны ў часе вайны, можа патрэбную функцыю выконываюць. Калi-б не яны, дык ня было-б чорнага рынку. А мiж iх, пэўне-ж, i тая сувязь польскае разьведкi, пра якую Антось Дзяркач гаварыў. Нiтачкi, дзесь там аж уверх да Лёндану цягнуцца. А ў гэтых двух цi трох, перапоўненыхво такiмi людцамi, вагонах, ёсьць цi адзiн чалавек, якi па сваiх палiтычных i разьведчых заданьнях езьдзiць. У Менску мае нейкi явачны пункт, дзе сядзiць якiсьцi Зьдзiсек цi iншы "гжмот", а можа й мясцовы дзядзька Савось... Пэўне-ж ёсьць i ўмоўны пароль (фраза цi слова) ды ўсё iншае.