Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 119

К Акула

Апрануты ў летнюю сьвiтку, Антось абмацаў нож за пазухай, выцягнуў зь кiшэнi й пачаў смактаць сакавiтую, што проста таяла роце, ранэтку ды цэлы час пiльна ўзiраўся ў адзiн пункт. Калi гэты недабiтак задумае наведаць бацькоў, дый калi мае прыйсьцi па яго, каб яму "лясьнiчоўка бокам вылезла", дык гэта, здавалася, адзiная дарога, на якой яго неспадзеўкi можна злавiць. Знаў Антось гэту Гаравацкую сьцежку, што вяла ў пушчу, як сваю даланю. Ведаў на ёй кажны гарбок, ламень, ямiнку, кажную пахiльнасьць цi зьмяiную крутасьць. А месца сабе выбраў такое, што падарожнiк нiяк не спасьцеражэ. Прылёгшы-ж збоку, яго можна вельмi лёгка асачыць. Iншая рэч, калi-б чалавек з сабакам зьявiўся. Тады небясьпечна. Але ў запасе меў наган. А тымчасам сядзеў на камянi, кусаў ранэтку й думаў.

Насамперш - Нiна. Калi-б зацяжарыла, цi ня прызналася-б яму? Дый вiдаць было-б, як папаўнела-б. А жанчына дамагалася, каб шлюб узяць ды ўжо не намякала, а проста патрабавала, каб дзiця мець.

- Я з гэным старым лунем колька пражыла... Ён, аказваецца, толька сiлу цяглавую хацеў мець, а не сям'ю. А ты што? Дзяцей баiшся?

Нязручнае становiшча. Трэба было тлумачыць тое, пра што Нiна слухаць не хацела.

- Нiначка, любая мая, - пачынаў лагодным, цiхiм голасам. - Цi ты ўжо забылася, як мы проста зь пекла выратавалiся? Цi цяперака той час, каб дзяцьмi абзаводзiцца?

- Што гэта ты ўсё не перастаеш пра гэна пекла? Выратавалiся, ну й дзякуй Богу. Але-ж цяперака жыць ды дзяцей мець трэба.

Жанчына ў сьлёзы кiдалася. "Бабы, дурасьць. Як гэта да вас гаварыць, каб вы ладам жыцьцё скумекалi?" - разважаў у думках Антось.

- А цi ня вiдзiш ты, што робiцца? Як гэта цяперака дзiця на сьвет пушчаць? Сабе рукi зьвяжаш. Навалач нячыстая людзей б'ець, спакою нi даець, жыўцом палiць. Самiм можа яшчо прыйдзецца гняздо пакiдаць... А тады як зь дзiцём?

I намагаўся спатолiць каханую жанчыну цалункамi, абяцанкамi. Цяжэй было вытлумачыць ей, чаму ад некаторага часу, даведаўшыся ад Захарука пра Лявона, у гумно спаць хадзiў. Справа простая. Таго шалапута, самога цi зь кiм, помсты прагнага, калi зьявiцца ў двор зь вiзытаю, прывiтае Ромка. Антось, каторага Лявон будзе спадзявацца знайсьцi з жонкай у пасьцелi, атрымае ў рукi iнiцыятыву. Нiна зразумела й больш ня лiпла з назойлiвымi пытаньнямi.

- Ну а калi ён, цi яны прыйдуць у хату, тады мне што рабiць?

- Ромка разбудзiць. Ня бойся. Старайся задзержыць iх, у плач кiнься, цi што, займi iх. А я, - увiдзiш, - прылаўллю iх сукiных сыноў.

Неўзабаве Антосю ў галаву зусiм iншая думка прыйшла. Калi Лявон не жартаваў, - а на такiя жарты ён быў зусiм няздольны, - ды ляпнуў там нейкаму Барабоську пра свае намеры, дык усё-ж ня мог ён зусiм уцёмную ў Лiтоўцы йсьцi. Найлепш, - разважаў Дзяркач, - каб спанатрыць Шпунта, трэба паставiць сябе на ягонае месца. Ведаў таго як сваю пецярню. Значыцца, першае, Лявон Шпунт хоча мець Дзеркача ў сваiх руках. Калi пайсьцi ў Лiтоўцы, трэба ведаць што там робiцца, дзе жыве Дзяркач i што ён робiць. Як здабыць неабходныя весткi? Лiтоўцы не ляжалi ў бандыцкай зоне. Адылi пушча падходзiла да самага калiшняга хутару Лазоўскага, а адтуль, пераз Гараватку, да бацькую як рукой падаць. Дык чаму не пачаць некалi топтанымi сьцежкамi? Асаблiва для маткi вялiкая радасьць была-бы. Ня бачыла-ж дарагога сынка ад таго часу, як некалi ў лес есьцi яму насiла. Магчымасьць адведаньня Лявонам бацькоў была зусiм праўдападобнай. Гэткую думку быццам Паўлоўскi пацьвердзiў.