Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 117

К Акула

Калi гэта запраўды так, дык выходзiць, што Немцы або павар'яцелi, або зусiм ня ведаюць, што яны робяць. I адно й другое выключалася. Калектыўна Немцы ня былi вар'ятамi дый ведалi яны, вiдаць, што рабiць. На пытаньне анiяк нельга было адказаць. А можа пытаньне дрэннае? Давай, разваж па слоўцу: Немцы мардуюць сваiх прыяцеляў... Два ключовыя словы: Немцы й прыяцелi...

Янук пачаў з заклапочаньня церабiць свае вясной ужо пабялеўшыя валосы, прадчуваючы, што блiжэй да карэньня дабiраецца. Немцы й прыяцелi, Немцы й прыяцелi... Немцы i... Нешта тут не ў прадку. Немцы абапiраюцца на безагляднай сiле. А цi чалавеку, цi народу, якi базуе ўсё на сiле, надта на прыяцелях залежыць? Скарэй слабому сябра патрэбны, а моцны, значыцца дужы, ён сам чуецца як Бог. Згода. Дык цi адпавядае гэтта слова прыяцель цi навет хаўрусьнiк? I хто яму сказаў, што Немцы прыяцелi цi хаўрусьнiкi Беларусаў?

Раптам нарадзiлася думка. Падсьведама адчуваў Бахмач, што гэта й быў той асноўны, галоўны адказ, да якога вобманцкам, саматугам дабiраўся. Запраўды, калi прыняць мяркаваньне, што Немцы, як Палякi цi Маскалi, прыйшлi на гэтую пакрыўджаную зямлю як рабаўнiкi, новыя паны, махляры, прыгнятальнiкi, дык усё, што навокал адбывалася становiцца ясным, як сьветлы сонечны дзень. Немцы ў лiку ворагаў! Жахлiвая, але праўдападобна добра абаснованая, думка. Адно якая-ж будучыня? Цяпер во спалiлi, разам з жывымi людзьмi, Залатуху. А можа гэткiх злачынаў будуць яшчэ сотнi цi тысячы?

Жах, жах!

У ваблiччы такога нячуванага варварства якое значэньне мае тое, што народ атрымаў права навучаць дзетак у школах у сваей мове, цi тое, што ёсьць пару газэтаў цi часопiсаў беларускiх? Якую вагу мае беларуская нiжэйшая адмiнiстрацыя? Цi калi якi шваб зьбярэ сваюэ здысцыплiнаваную банду, возьме на прыпрэжку якiх Украiнцаў, як у Будславе, ды задумае паехаць i спалiць цэлую вёску разам з жыхарамi, у тым лiку дзеткамi, жанчынамi й старымi, усiмi зусiм безбароннымi й нявiннымi людзьмi, - дык цi яго спынiць якi старшыня вёскi цi старшыня воласьцi зь беларускай адмiнiстрацыi? Няхай адно пiкне, сам першы кулю ў лоб дастане. Гэта хто калi чуў цi бачыў, каб Немец слухаў якога чужога задрыпанага старшыню воласьцi?

А калi так, дык значыцца гэта мясцовая, свая адмiнiстрацыя ня мела ў вачох акупанта зусiм нiякая вагi. Ды не, пачакай-жа. Нейкую вагу мела бо для нечага-ж яму была патрэбная. А для чаго? Зусiм ясна: яна памагала акупанту зьбiраць харчы, падаткi, гнаць людзей на працу, iншымi словамi - ссаць жывыя сокi з паняволенага народу. Няйнакш, так яно й было.

I на пацьверджаньне гэткiх сваiх выснаваў Янук пачаў згадваць нямецкiя зьдзекi над сваймi людзьмi, якiя ён сам бачыў. Амаль ня было чаго згадваць, адно хiба той вуж хурманак, што на гару глыбоцкага пяшчанага гасьцiнцу ня мог з наладаванымi вазамi ўзабрацца, а ён iз Дуняй задалёку прыглядалiся як Немцы сялянаў лупцавалi. Мо й шчасьлiвы, што большага ня бачыў. Ня дай, Божа, бачыць якую Залатуху, цi трапiць у рукi польскай, пад нямецкай камандай, палiцыi, ды стануць перад руляй стрэльбы на расстрэл. Або цярпець цi гiнуць разам з Жыдамi. Жыды, якiя-б яны ня былi, усё-ж гэта людзi. I калi гэта праўда, што Немцы пагалоўна iх вынiшчаюць, дык ганьба Немцам! Што гэта за народ такi? Немец - вораг! Немец - кат беларускага й iншых народаў. Значыцца, як выглядала, найбольш зьдзеклiвая сiла на сьвеце ўзьлезла нам на плечы. Вось адкрыцьцё!