Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 118

К Акула

Янук i задаволены быў з таго, што ён сам, бязь нiчыя помачы, дайшоў да разгадкi такое тайны. Не сказаў яму пра гэта простымi словамi анi Антось Дзяркач, анi Кастусь Падгайскi, анi хто iншы. Пэўне-ж, яны пра гэта ведалi, але чамусьцi яму, проста ў рот, пажваўшы, улажыць не хацелi. Хто-ж iх ведае... Цяжка было сумлявацца, што такiя разумныя й пранырлiвыя дзядзькi ня бачылi таго, што яму, як-нiяк, наiўнаму юнаку, раптам стала зусiм зразумелым. Трэба будзе калi, як кажуць, проста з мосту спытацца iх пра гэта.

Тымчасам, думкi вялi далей. Калi Немцы ёсьць нашымi ворагамi, дык на iх палягаць нельга. Наадварот, каб свайго дамагчыся, дык мо калi змагацца зь iмi прыйдзецца. Але як i чым? I каго на помач клiкаць? I як змагацца з такой магутнай, няпераможнай сiлай?

Рад i ня рад быў Янук з прычыны такога жахлiвага адкрыцьця. I ў гэныя юначыя гады падсьведама адчуваў, што яму наканавана было не стаяць бязьдзейна з боку. Ясна, можна было рабiць i так, як захоўвалася вунь бальшыня людзей: пасыўна прыглядалася ўсей гэтай разьнi, забойствам, вынiшчэньню свайго насельнiцтва. Абы iх не краналi. Ого! Што не, дык не! Янук да такiх авечак сябе не залiчаў. Ужо калi прыйдзе момант, што да сьцяны прыпруць, дык ён бяз супрацiву ня дасца. Але, цьфу! Усё-ж, якая дурнiца зь яго: перш, - i самае галоўнае, - трэба ня дацца, каб якi чужы цi свой нячысьцiк да сьцяны цябе прыпёр. Гэта самае галоўнае!

Што, прыкладам, сталася-б, калi-б вораг наважыў зрабiць зь Лiтоўцамi тое, што зрабiў з Залатухай? I гэтта-ж недалёка чыгунка, i тут можа бальшавiцкая галота вылезьцi з Гаравацкае пушчы й падлажыць мiну на чыгунку, раськiдаць у вёсцы якiя афiшкi цi каго сiлай забраць у свае банды. Могуць справакаваць Немцаў, каб i ў вадносiнах да Лiтоўцаў ужылi меры ваеннае адказнасьцi. А калi спосаб пакараньня нявiннае Залатухi быў ня прыпадковым, а нейкай нормай ваеннага часу, дык колькi беларускiх вёсак i колькi людзей можа пайсьцi яшчэ з дымам?

Янук пазiраў на сваю мiрную, залiтую летнiм сонцам, вёску. Танула яна ў садох i прысадах. Нiвы палавелi жытам, зелянелi ярыной, а дзьве сосны шапталi сабе сакрэты на могiльнiку. I тады спрабаваў Янук уявiць, што аднаго дня ягоную родную мясьцiну, як нядаўна Залатуху, возьмуцца языкi агня папялiць... Ды не! Адганяў думкi, як статак назойлiвых аваднёў.

Гэтак, заглыбiўшыся ў бязвыхаднае, Янук зыйшоў з Гараваткi й адно ля гумна пачуў бацькаў голас: - А ты дзе гэта бадзяешся? Бяры во граблi, пойдзем у Пральлю пракосы варочаць.

22

У Гаравацкай пушчы часта пераклiкалiся совы, а ў вёсцы не гарлапанiлi яшчэ першыя пеўнi. На чыстым зорным небе рагацiнай вырысоўваўся гiгант Архiп. Лагодны заходнi ветрык ледзь варушыў лiсьцямi дрэваў. Паважна й таямнiча пахiлiўся паточаны шашалем крыж. Дзесьцi на гасьцiнцы ў лесе затарарахалi па карэньнi калёсы, а ў Лiтоўцах спрасоньня лена загаўкаў сабака. Хто там на гасьцiнцы ў гэту пору ехаў? Палiцыя, цi хто? На станцыi ў Гацях, як заўсёды, кiпеў нiколi няспынны рух. Калi мясцовае насельнiцтва спала за пазачынянымi загадам дзьвярмi, на вулiцах, чыгунках i дарогах гаспадарылi людзi ў мундзiрах.