Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 116

К Акула

Янук забрыў аж на Гараватку, спынiўся пад дубам Архiпам. Магутны дуб самы надзейны сябра. Пад iм так добра думаецца. Зiрнi ты, Архiп, як сэрца юнака поўнiцца горычай, зрок ягоны блудзiць у цемры, а розум нiяк ня можа натрапiць на нiтачку, каб разматаць прыказачны клубок. Патрэбны новы падыход. Адносна аднаго ня было сумлеву: зьнiшчэньне Залатухi не прыпадковае. Злачынная рука дзеяла ў сiлу нейкага закону. Якога? Трэба, здаецца, пачаць разважаць ад элемэнтарнага. Значыцца, перш за ўсё трэба адказаць на пытаньне: на якiм практычным праве аснована жыцьцё? Гэта ведама ўжо кажнаму дзiцяцi, хаця й не асэнсавана яшчэ iм. Права сiлы бачыш на кажным кроку; яно тарнуецца ўсюды, ад найменшай да найбольшай iстоты, што ходзiць, лётае, поўзае цi плавае. Чалавек, спрабаваў замянiць гэтае прыроднае права сiлы правам маралi, значыцца душы й сумленьня. Вядома, на помач тут прыйшла рэлiгiя, няважна цi хрысьцiянства, мусульманства, буддызму цi гэбрайства. Усе яны блiзкiя ў сваiх прынцыпах. Але колькi людзей карыстаецца iмi?

А нагласьць сiлы вiдаць на кожным кроку, асаблiва-ж вайной, бо вайна ёсьць ня што iншае, як паядынак дзьвюх цi некалькiх фiзычных сiлаў. Гэтта выяўляецца максымальнае практычнае права жыцьця й суадносiнаў мiж людзьмi: хто дужэйшы, той возьме. Дарма, што церпяць нявiнныя. Як права, дзе два дужыя б'юцца, там абавязкова слабому пападзецца.

Янук паставiў пытаньне накш: калi той, што мае сiлу, стараецца яе ўжываць, дык цi-ж ня кiруе ён ею? Ён-жа ня зьнiшчае ўсё i ўсiх безаглядна; ужыцьцё сiлы мае сваю мэту й накiраванасьць. Згода. Дык калi ўзяць,што Немцы лiчаць Беларусаў нейкiмi сваймi хаўрусьнiкамi, даюць iм мясцовую ўладу й свае школы, дык навошта яны спалiлi Залатуху? У вёсцы-ж жылi iхныя хаўрусьнiкi, што прыязна да iх адносiлiся, плацiлi падаткi, старалiся памагчы як мага. Дык пытаньне практычна зводзiлася да наступнага: чаму Немцы, хоць у даным выпадку й рукамi ўкраiнскiх наймiтаў, паляць сваiх хаўрусьнiкаў, мардуюць прыяцеляў?

I вось перад такiм, здавалася зусiм ясным, пытаньнем Янук стануў у тупiку. Пакуль дайсцi да найважнейшага, мусiў узважыць, абмяркаваць i адкiнуць шмат другараднага й наiўнага. Дый запраўды ў ягоных гадох навет дабрацца да такога галоўнага пытаньня ўжо было немалым асягненьнем. Ягоныя равесьнiкi, хаця-б гэны Стась цi навет старэйшы Ўладзiк, нiколi-б такiмi катэгорыямi не патрапiлi думаць. Iм навет у галаве не мясьцiлася думка пра нейкiя глыбейшыя разважаньнi. Працэс сялянскае думкi быў просты: калi аднекуль зьяўлялася вестка, перш за ўсё чалавек хацеў дакладна ведаць "што", а ўжо радзей каторы селянiн запраўды намагаўся адказаць на пытаньне, як сьлед грунтоўна, "чаму" нешта збылося цi здарылася. А гэтта Янук разважаў пра адну з найцяжэйшых праблемаў жыцьця: суадносiны сiлы з мараляй, дабра iз злом i з гэтага выводныя. Дык канкрэтна: чаму Немцы мардуюць i паляць сваiх прыяцеляў i хаўрусьнiкаў?