Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 115

К Акула

Калiсьцi для Януковай наiўнай галавы падзел на сваiх i чужых, ворагаў i прыяцеляў быў куды прасьцейшы. Маскалi й Палякi былi ворагамi. Ад iх беларускi народ дазнаў найбольш крыўдаў i ганьбаваньня, зь iмi вельмi доўга змагаўся за волю. Ад няпамятных стагодзьдзяў, як нейкая ненажэрная й прагавiтая хэўра, лезьлi яны на зямлю, прасякнутую крывёй i потам беларускiм, умошчаную касьцямi нашых продкаў. Быццам свайго iм было мала, мусiць не маглi пражыць на сваiх Мазурах цi Памор'i, Тамбоўшчыне цi Разаншчыне. Вiдаць, што ў гэтых народаў пераважна рабаўнiчы нахiл хi яшчэ што ў нацыянальным характары. А такiя сумежныя народы, як Латышы, Летувiсы цi Ўкраiнцы былi прыяцелямi. Здавалася, што яны таксама жылi пад пагрозаю Масквы цi Варшавы. Праўда, Летувiсы заўсёды гарлапаняць, што беларуская Вiльня - гэта iхны горад. Дык тут, - цi яны нашы ворагi, цi прыяцелi, - на двое бабка варажыла.

Зусiм што iншае - Немцы. Яны й супраць Маскалёў i Палякаў. Адных на лапаткi палажылi, а зь iншымi цяпер змагаюцца. Значыцца, калi згадзiцца з аксiёмай, што вораг твайго ворага ёсьць тваiм прыяцелем, дык Немцы, бязумоўна, маюць быць хаўрусьнiкамi Беларусаў. I цi-ж ня доказам гэткае дружбы было тое, што яны далi Беларусам мясцовую адмiнiстрацыю, дазволiлi адкрыць беларускiя школы? Паадчынялiся вунь беларускiя бiблiятэкi, выходзяць амаль бяз цэнзуры беларускiя газэты й часопiсы.

Праўда навокал такое, здавалася-б, простае аксiёмы, грамадзiлiся некаторыя сумлевы. Як вытлумачыць тое, што Немцы, ворагi Палякаў, пусьцiлi столькi Палякаў у мясцовую, цi, як яе завуць, чорную палiцыю? Чаму гэта палiцыя, з помачай Немцаў, вымардавала так шмат найлепшых, навет выдатных Беларусаў? Чаму пры такiх начальнiках, як акруговы камiсар цi каманданты жандармэрыi загнязьдзiлiся польскiя прастытуткi наводля тае "пiрды" Закшэўскай у Гацях, што супольна з палiцыяй намагаюцца вынiшчаць Беларусаў?

Цi-ж льга паверыць, што гэта ўсё сталася прыпадкам? Бяручы на ўвагу ведамую нямецкую плянавасьць, грунтоўнасьць i дысцыплiну, як гэта ўсё вытлумачыць? Цi-ж магчыма, што ўсё вышэйзгаданае было Немцамi плянаванае й прадугледжанае? А можа... Не, немагчыма... Жах падумаць! Але як вытлумачыць Залатуху? Чым завiнiлi тыя сяляне? Пры чым тут жанчыны, старыя й дзецi? Як гэта можна так усiх, цэлую вёску ў вагонь?

Няхай сабе, па праву прыроды, няма роду бяз выраду. Пэўне-ж, у лесе лындаюць бальшавiцкiя баньдзюгi, рабуюць вакольных сялян, сiлай забiраюць у банды людзей, начамi раськiдаюць афiшкi, у якiх страшэнна адважна "змагаюцца з фашыстамi". Калi ў вёсцы ёсьць iхныя памочнiкi дык трэба iх знайсьцi й пакараць. Але навошта тут масавая адказнасьць? Няхай сабе, як чуваць, бралi ўдзел у тым злачыне Ўкраiнцы... Але-ж яны дзеялi не на сваю руку, а пад загадам Немцаў. Дык чаму Немцы так робяць?