Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 113

К Акула

Першыя спасьцераглi людзей у зялёным, iз зброяй напагатове, пастухi. Выглядала. што жаўнеры абкружылi вёску й вiдаць, што iм ня рупiла, бо стаялi. Тут-жа побач трымалi запрэжаных у каляску коняў. Цi не на якiя манэўры выбралiся? Некалi тыя "манэўры" ўелiся бокам сялянам. Пры Паляках гэйсалi на конях уланы, часта вунь якое шкоды на полi нарабiлi. Ды тады-ж i вайны, як цяпер, ня было. Залатускiх сялянаў, каторыя ўмелi глядзець, зьдзiвiла ня самая прысутнасьць войска, а нешта iншае. Гэтыя жаўнеры чамусьцi нiчога не пачыналi, а наадварот - пiлi нешта з пляшак, закусвалi, нечага цi некага чакалi. Галасы iх, спачатку стрыманыя, набiралi сiлы, якраз як гоман падпiўшых людзей.

Сонца ўжо паднялося, што качаргой яго не дастаць, калi ў некалькiх мясцох каля вёскi гаркнула каманда й пачулiся сьвiсткi. Iз зброяй напагатове, ланцугамi, жаўнеры наблiжалiся. Такому няштодзённаму зьявiшчу прыглядалiся затрывожаныя сяляне. Зноў усiх зьбяруць i гадзiнамi будуць трымаць пад зброяй, выпытваць? Напалоханыя пастушкi, дабегшы да сваiх хатаў, паднялi алярм. Жаўнеры зганялi статак у вадно месца. Такога яшчэ ня было.

На полi чулiся стрэлы. Каторыя людзi ўжо выйшлi на працу, тыя, пакiдаўшы прылады ў вёску сьпяшылi. Павыбягаўшы з хат, на вулiцы гаманiлi няўцямныя жанчыны й дзецi. Брахалi сабакi, кудахталi куры.

- А людцы мае, чаго-ж гэта iм?

- Матка Боская Чанстахоўская, ратуй нас!

Мужчыны ўспакайвалi жанчын.

- Цiха ты, Адэля, нi лямантуй. Падзiржаць ды пусьцяць.

- Ня вiдзiш, што нiкаторыя зь iх п'яныя? Каб вас гаручка, чаго вам яшчо трэба!

Стрэлы грымнулi збоку, блiзка напалоханых людзей. Па сабаках. Бялявы хлопчык падбег да чорнага сабакi, якi бэцнуў вобземлю.

- Так тобi, чорт, i надо...

Каржакаваты цёмнавалосы ваяка сакавiта вылаяўся.

- Шнэль, шнэль! - дзёр горла нямецкi афiцэр.

Было iх, вiдаць, два зьвязы. Калi адна група абкружыла на вулiцы людзей, iншыя пабеглi па хатах. Дзьверы адчынялi ўдарамi ботаў i прыкладамi стрэльбаў. Дзесьцi трэснулi рамы ў вакне й пасыпалася шкло.

- Божачкi, чаго гэта яны? Мусiць канец...

- Якая iм трасца трэба, каб iх зiмля нi насiла!

Маткi ўспакайвалi перапалоханых дзетак. Чарга стрэлаў загрымела над галовамi.

- Швайгэн, унтэрмэншэн!

Войстры, як брытва, голас. Навокал дрыжачых ад нечаканага нападу сялянаў пагрозьлiва тарчэлi настаўленыя рулi стрэльбаў i аўтаматаў. Вочы карнiкаў не варажылi добрага.

- Тыхо! - крыкнуў побач Немца падафiцэр. - Зыбралы вас, шчоб поговорыты. Давайтэ спокiйно!

Крыху апанаваўшыся, людзi маўчалi, адно скуголiлi дзеткi. Сяржаньцiха Юргель не магла сваiм вачом паверыць. Так, сумлеву ня было. Тойсамы шрам наўскасяк левае шчакi, вочы, што ва ўпор глядзелi. Але тады яны, здаецца, больш лагодныя былi. I тады на iм быў польскi мундзiр з адзнакамi афiцэра, дый ласкавы, хоць стрыманы голас. Жанчыне ў вачох пацямнела.