Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 111

К Акула

У Залатусе было ўсяго сем гаспадарак, усе жыхары каталiкi. У той вясеньнi вечар залатускi селянiн думкамi да касавiцы рыхтаваўся, пазiраў на свае мазолiстыя рукi, мяркаваў зь якога кута, яшчэ перад усходам сонца, войстрая каса пачне ў сакавiтую асаку ўядацца. I якiм чынам мог спанатрыць, старанна клепячы на бабцы зьлiзанае лязо касы, што заўтра ўпоперак дарогi на сенажаць стане вогненная, што ўсё да тла спалiць, Садома?

У гэны лагодны, цёплы вясеньнi вечар перагукалiся ў калiшнiм панскiм лесе нястомна-галасiстыя зязюлi й лiчыла залатуская малеча дый старэйшыя колькi адна цi другая шэрая, нявыглядная птушка накукуе гадоў...

У той дзень на захад сонца ля бусьлянкi кружыў прыгожы птах. Бусьлiха на яйках драмала. I цi нейкiм няведамым спосабам магло памясьцiцца ў бусловай галаве, што заўтра й бусьлянку, што на баране, дый самае гумно, на страсе якога яна знаходзiлася, спалiць пражорлiвы агонь, а яму з абсмаленай бусьлiхай няведама куды ўпрочкi трэба будзе з гэнага папялiшча адлятаць?

I шмат звычайных i простых, нармальнага будзённага парадку, рэчаў адбывалася ў гэны вечар у невялiкай вёсцы Залатусе. Навокал буйнела й красавалася шматколерная сакавiтая прырода. Неадкладнае ўвагi вымагалi нiкiм непалiчаныя дробязi пярэстага сялянскага жыцьцця. Каму было ведаць, што iхная маленькая мясьцiна, у сiлу нейкiх чужых iдыёцкiх правоў, апынулася на мапе мясцовых уладаў у так званай чырвонай зоне?

Верхам i бокам рынула й мiма прайшла на ўсход вайна. Туды ёй i дарога. Праўда, яшчэ раней, напярэдаднi гэтай навалы, што абрушылася й сюды але, на вялiкае шчасьце, iх мiнула, змабiлiзавалi з Залатухi ў войска Палякi пару дзяцюкоў. Унармаванага кроку вясковага жыцьця не зьмянiлi за куртаты час свае акупацыi i ўсходнiя "вызвольнiкi".

Няхай сабе й гэта надта вялiкая, ужо куды, як выглядала, большая за папярэднiя войны. Iм, да зямлi ад веку прывязаным, адно араць, сеяць, плёны зьбiраць, статак гадаваць, сем'i даглядаць, сыноў жанiць i дачок замуж аддаваць ды памагаць iм на свае ногi станавiцца. Дзiва няма, што i ў гэны вечар адно ўмеру пра вайну думалася.

Праўда, побач чыгунка. Па ёй едуць гарматы, танкi, амунiцыя, харчы, войска. Яе вартуюць i ў роўных прамежках часу ходзяць па ёй у шлёмах узброеныя вартавыя. Не бяз прычыны. Кагадзе побач цягнiк на мiну наехаў, загарэўўся, былi ахвяры. Але-ж i раней, калi iх тыя з усходу "вызвалiлi", надта часта йшлi па чыгунцы цягнiкi. Тыя валаклi ўсякае дабро й зброю на захад, а гэтыя на ўсход.

Ведама-ж, вайна. Чуваць было, што ў Будславе ад войска аж кiшэла. Цi раз ужо й сюды заглядалi. Дзiву даешся, зьявiлiся нейкiя, у зялёным, Украiнцы. Гаварылi-ж неяк у нос, нацiскалi на "i" i "лы", але-ж зразумець нешта можна было.

А аднойчы, - гэта дык ужо дзiвы-дзiвосы, - да сяржаньцiхi Юргялiхi, што мела двух, у школьных гадох, хлапчукоў i муж якое дзесьцi за Польшчу ваяваў, дый якога сьлед даўно прапаў, вечарам зайшлi вайсковыя ў польскiх мундзiрах. Аж чатыры. Павiталiся, з парогу "Езус пахвалёны" сказалi. Надзвычайна прызваiта захоўвалiся. Сяржаньцiха, жанчына сярэднiх гадоў i яшчэ ў поўнай красе, крыху зьдзiвiлася й надта ўсьцешылася, нечаканых гасьцей навет угасьцiць манiлася. Тыя ветлiва адмовiлiся, а ў гутарцы, быццам мiмаходам, пыталiся, цi больш яна любiць Немцаў цi Палякаў. Ня скрываючы свае радасьцi й ня маючы нiякiх прычынаў да падазрэньня, сяржаньцiха асьветчыла, што, бязумоўна, яна любiць Палякаў. Тужлiвы па страчаным калiсьцi добрым жыцьцi "за польскiх часоў" голас поўнасьцю пацьвердзiў кiрунак сяржаньцiшынай ляяльнасьцi.